У аграгарадку Вялікія Эйсманты ўрачыста адкрыты музей гісторыі КСУП “Варанецкі” “Зямля і людзі”

Лента новостей Общество

Сёння падчас ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага працаўнікам вёскі, у аграгарадку Вялікія Эйсманты ўрачыста адкрыты музей гісторыі КСУП “Варанецкі” “Зямля і людзі”.
Сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык, былы старшыня калгаса імя Варанецкага Мікалай Зданчук і выконваючы абавязкі дырэктара КСУП “Варанецкі” Павел Станеўскі.
Першую экскурсію па новаму музею правёў навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Мікалай Пацэнка. Дарэчы, супрацоўнікі гэтай установы унеслі значны ўклад у афармленне музейнай экспазіцыі у Вялікіх Эйсмантах, дапамаглі з падборам дакументальных матэрыялаў.
Экспазіцыя музея ўмоўна дзеліцца на тры перыяды. Першы з іх – гэта калі калгас “Гвардыя” узначальваў Андрэй Максімавіч Варанецкі. Там можна ўбачыць як яго асабістыя дакументы, так і дакументы людзей таго часу. Пад яго кіраўніцтвам адстаючая гаспадарка стала адной з найбольш моцных не толькі ў Беларусі, але і у СССР. За дасягнутыя поспехі калгас “Гвардыя” у 1967 годзе быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Гэты ордэн знаходзіцца на цэнтральнай вітрыне музея.
У цэнтры экспазіцыі, прысвечанай першаму старшыні калгаса, размешчаны партрэт Андрэя Максімавіча Варанецкага, аўтарам якога з’яўляецца народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі.
Другі перыяд прысвечаны таму часу, калі гаспадарку, якой, дарэчы, было прысвоена імя Варанецкага пасля яго смерці ў 1972 годзе, узначальваў Мікалай Рыгоравіч Зданчук. Гэта быў час далейшага росквіту аднаго з самых перадавых на той час калгасаў. Не толькі на новы ўзровень падняліся вытворчыя паказчыкі, але і непазнавальна змянілася сацыяльная сфера ў Вялікіх Эйсмантах. Быў пабудаваны плавальны басейн, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Мікалай Рыгоравіч падчас экскурсіі дзяліўся ўспамінамі, звязанымі з некаторымі знамянальнымі падзеямі з жыцця гаспадаркі. На стэндах можна ўбачыць многае з таго, што адбывалася тады, на фотаздымках.
І трэці перыяд адлюстроўвае той час, калі гаспадаркай кіруе Іосіф Іосіфавіч Колас. Ён узначаліў СВК імя Варанецкага ў сакавіку 2007 года.
Ёсць у музеі і фотагалерэя славы, на якой размешчаны фотаздымкі людзей, якія працавалі яшчэ пры Варанецкім, потым пры Зданчуку, а таксама сучасных перадавікоў вытворчасці.
Першы запіс у кнізе для ганаровых наведвальнікаў пасля экскурсіі заставіў Мікалай Рыгоравіч Зданчук.
Сяргей Хілюта, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *