Пачатак гэтага тыдня апраўдаў спадзяванні нашых аграрыяў. Да нас нарэшце завітала сапраўднае лета са спякотнымі сухімі дзянькамі. Надвор’е стала як на заказ – самае прыдатнае для ўборкі збожжавых. Спелае, налітае сілай калоссе чакае ўвішных гаспадароў. Свавольны ветрык раніцай жвава высушвае бліскучыя россыпы расы, і магутныя камбайны адразу выязджаюць у поле. Кожны год пачатак жніва — сапраўдная падзея ў гаспадарках Бераставіччыны.
А першымі сёлета пачалі ўборку працаўнікі СВК “Макараўцы”. Умелыя рукі вопытных механізатараў ужо засумавалі па дотыку да залатых каласкоў, па чуйнаму штурвалу энерганасычаных камбайнаў, па гарачай пары, калі такія напружаныя ліпеньскія дні потым цэлы год кормяць краіну.
Валавы збор збожжа тут плануюць атрымаць не меншы, чым летась, а ўборцы падлягае немалы клін. Гэта 150 гектараў азімага ячменю і 210 яравога, 230 — азімага рапсу, 700 — азімага трыцікале, 650 гектараў азімай пшаніцы і 100 — яравой, 20 – яравога аўсу, 30 гектараў грэчкі і 200 гектараў зернебабовых сумесяў. Насенне ў асноўным у гаспадарцы ўласнае. Чакаюць земляробы выдатнай аддачы ад перспектыўных гатункаў азімай пшаніцы Сукцэс і азімага трыцікале Вітон. Такая пшаніца нямецкай селекцыі пры добрым доглядзе можа даць 70 – 80 цэнтнераў з гектара.
Пры спрыяльным надвор’і па плану на ўборку ў СВК “Макараўцы” адведзена 18 дзён. Сёлетняе жніво супала з другім укосам траў, так што прыходзіцца людзям вельмі нялёгка.
У гаспадарцы традыцыйна робяць стаўку на інтэнсіўныя тэхналогіі. Гэта цэлы шлейф узаемазвязаных работ, накіраваных на аптымальны вынік. Вядома, як і ў іншых сельгаскааператывах рэспублікі, не абходзіцца тут часам без праблем і цяжкасцей, якія маюць аб’ектыўныя прычыны. Але сялянскія карані і моцнае плячо аднадумцаў побач дапамагаюць людзям у іх надзённых клопатах.
У гаспадарцы 4 зернесушыльных комплексы, усе яны працуюць на газу. Апошнюю новую сушылку запусцілі ў мінулым годзе падчас уборкі кукурузы.
Склады ў СВК “Макараўцы” падрыхтаваны да прыёму шчодрага ўраджаю. А на хлебнай ніве будуць задзейнічаны 12 камбайнаў, з якіх 5 імпартных.
Пра ўсіх камбайнераў сельгаскааператыва выконваючы абавязкі старшыні Алег Макулік гаворыць са шчырай павагай і ўдзячнасцю. Кожны чалавек уносіць свой важкі ўклад у папаўненне жніўнай скарбонкі. Напрыклад, старшы камбайнер Віктар ЛЯХОВІЧ (на здымку) ужо добра знаёмы пастаянным чытачам “раёнкі” па сваіх ранейшых працоўных перамогах. Сёмы год шчыруе ён на жніве, з самага лепшага боку праяўляе сябе на сяўбе і на іншых работах. На камбайне “Мега – 208” у першы дзень уборкі, 7 ліпеня, ён намалаціў 77 тон азімага ячменю.
У гонар лепшых працаўнікоў каля адміністрацыйнага будынка сельгаскааператыва лунае чырвоны сцяг.
Добрага вам надвор’я, шаноўныя землякі, высокіх намалотаў!
Ніна Наддэ,
фота аўтара