а.Анджэй Іадкоўскі, місіянер, вікарый касцёла Перамянення Гасподняга г.п.В.Бераставіца:
— Ідзе Вялікі пост, які павінен падрыхтаваць нас да свят Вялікадня, Уваскрэсення Пана. На працягу гэтага перыяду, які з’яўляецца часам пакаяння і вяртання да Бога, Касцёл, спасылаючыся на словы Езуса, прапануе кожнаму з нас тры шляхі, якія наблізяць нас да Бога: малітва, пост і міласціна.
Малітва. У адной з газет я прачытаў аб параўнанні малітвы з тэрмометрам веры. Аўтар піша, у прыватнасці, наступнае: “Каб вымераць сваю веру, я прыглядаюся да сваёй малітвы. Калі малюся мала, то выразна адчуваю, што вера мая слабее. Паколькі малітва з’яўляцца спатканнем з Богам, а я не малюся, гэта значыць, што для мяне гэта спатканне няважнае. Каб нешта ва мне адрадзілася, мне трэба змагацца за малітву”. Вось так, малітва – гэта змаганне: за час, за засяроджванне, за першынства Бога перад іншымі людзьмі і справамі.
І важна падчас Вялікага посту маліцца больш і маліцца лепш.
Усім вядома, што сустрэча з іншым чалавекам не заўсёды выглядае аднолькава. Калі мы з кімсьці размаўляем, мы можам яго слухаць уважліва або проста рабіць выгляд, што слухаем. Падобна выглядае і наша спатканне з Богам. Мы можам да яго звяртацца і слухаць, што ён гаворыць нам, або можам толькі паўтараць завучаныя на памяць словы малітвы, а думкамі быць у зусім іншым месцы. Мы не робім Богу ласкі, калі раніцай і вечарам “адкляпаем” малітву. Езус заклікае нас да малітвы з карысцю для нас.
Сапраўдная малітва з’яўляецца чымсьці такім прыгожым, містычным і незвычайным, што гэта немагчыма апісаць людскімі словамі. Бо як апісаць сустрэчу чалавека з Богам? Колькі людзей у свеце, столькі Бог мае і спосабаў дайсці да кожнага і столькі ж ёсць шляхоў малітвы.
Дык у чым жа наша праблема? – Адсутнасць часу.
Мы маем час на ўсё, але на малітву – не заўсёды. І вось менавіта пост, час адмаўлення ад чаго-небудзь і дазволіць нам знайсці патрэбны час і адкрыць сябе на сустрэчу з Богам.
Другая дарога – сам пост. Гэта найлепшы тэст нашых залежнасцей. Паспрабуйце адмовіць сабе ў нечым і ўбачыце, наколькі вы вольныя. Аднаму чалавеку цяжка адмовіцца ад прагляду любімых серыялаў, другому – камп’ютара, іншым – алкаголю, цыгарэт, прысмакаў ці яшчэ чаго-небудзь.
Магчыма, у тваім жыцці таксама ёсць такая рэч, на якую ты траціш мноства часу, а на самай справе яна не такая важная, як здаецца. Варта толькі прааналізаваць, як ты выкарыстоўваеш свой час, а таксама зразумець, чаму прысвячаеш яго найбольш. Тады стане ясна, што для цябе найважнейшае.
Адмаўленне ад спраў другасных дазволіць табе знайсці час для іншых – важнейшых. Пост можа стаць пачаткам дарогі, каб знайсці дадатковы час на спатканне з Богам, або малітву. Таму не бойся зрабіць сваё пастанаўленне. Трэба гэта зрабіць з любові да Езуса, бо ён нам паказвае, што каб нешта атрымаць, трэба чымсьці ахвяраваць. Езус пасціўся 40 дзён, каб справіцца са спакусамі (Мц, 4, 1 – 11). Ці твой пост дапаможа табе пераадолець зло, якое цябе напаткае? Ці ты лепшы, чым Езус?
Трэцяя дарога, якая набліжае да Бога, — гэта міласціна. Ці, другімі словамі, жыццё для другіх. Звычайна мы занятыя сабой: часта думаем толькі пра сябе, пастаянна змагаемся за першынства, каб быць лепшым, каб нехта нас заўважыў, быў нам за нешта ўдзячны, каб нас пахваліў і ацаніў. У той жа час сіла міласціны робіць так, што мы нанова пачынаем бачыць іншых людзей і адкрываем смак быцця для іншых. Бо дапамога другім людзям і дзяленне з імі тым, што мы маем, дае найбольшую радасцю чалавеку і пачуццё сэнсу нашага жыцця. І гэта я ўжо адчуваў не раз у сваім жыцці. Самая простая форма міласціны – гэта даць грошай бедным і тым, якія жывуць у нястачы. Але тут гаворка ідзе не толькі пра грошы. Міласціна можа выражацца ў ахвяраванні свайго часу таму, хто мае ў гэтым патрэбу, ці яшчэ нечага важнага і каштоўнага. Гэта можа быць і ўсмешка, добрае слова, адзенне ці прадукты харчавання або іншая канкрэтная дапамога.
Аднак важна, каб гэта было зроблена ў духу служэння: я хачу дзяліцца сваім часам, сілай ці магчымасцямі з іншым чалавекам з любові да яго і да Бога.
Папа Бенедыкт XVI напісаў у разважанні на Вялікі пост: “Няхай пост, малітва і міласціна дапамагаюць нам адкрываць сэрцы на плады велікоднай справы Хрыста. Гэта знешні знак нашай унутранай рэальнасці, нашых намаганняў, каб з Божай дапамогай устрымацца ад зла і жыць паводле Евангелля”.
Таму варта разглядзець гэтыя тры спосабы як дар ад Бога, які можа дапамагчы нам перажыць час Вялікага посту, калі мы чуем у Літургіі Слова: “Вось цяпер спрыяльны час, вось цяпер дзень збаўлення” (2 Кор 6, 2). Так, гэта час, які табе дае Бог! Не змарнуй яго! Няхай Бог цябе благаславіць.
Запрашаем на вялікапосныя набажэнствы ў касцёле Перамянення Гасподняга г.п.В.Бераставіца:
Крыжовая дарога – пятніца, 18.30
Песні горкай жальбы – нядзеля, пасля Святой Імшы ў 11.30