Дзень Перамогі – свята для кожнага з нас. Але, несумненна, для тых, хто сам набліжаў гэты дзень, ён назаўсёды застанецца ў памяці, як адзін з найважнейшых дзён жыцця.
І хоць ужо мінула 72 гады ад таго памятнага 9 мая 1945 года, ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Вялікай Бераставіцы Васілій Міхайлавіч Цякала памятае гэты дзень да драбніц…
— Мяне параніла 24 красавіка ў час штурму Берліна. Нас было чацвёра салдат на берлінскай вуліцы, калі побач разарвалася міна. Пасля выбуху трое хлопцаў падняліся, а я ўжо не змог: асколкі перабілі нагу пад каленам. Таварышы паднялі мяне і аднеслі ў пад’езд дома, дзе пакінулі і сказалі: “Чакай, мы прыйдзем самі за табою альбо прышлём санітараў”. Вядома ж, ішоў бой, і яны не маглі займацца мною, калі трэба было бегчы ў атаку. Я чакаў іх, але ад болю страціў прытомнасць. Ачнуўся я ад таго, што нехта біў мяне па шчоках. Я ўбачыў, што знаходжуся ў пакоі без вокнаў, там былі яшчэ нейкія людзі са свечкамі, у асноўным дзеці і жанчыны. Потым я зразумеў, што гэта падвал. Я ляжаў на насілках, а справа ад мяне сядзеў нямецкі салдат у чорнай форме з нашыўкай “СС”. Ён нешта гаварыў па-нямецку, але я не мог зразумець. Тады падышла адна з жанчын і сказала, што ён пытае, ці праўда, што рускія расстрэльваюць палонных немцаў? Я адказаў, што гэта няпраўда, тых, хто здаўся ў палон, не расстрэльваюць. І зноў страціў прытомнасць.
У другі раз я ачнуўся, калі мяне выносілі з гэтага падвала на насілках, я бачыў, што нясе мяне савецкі салдат-санітар: у яго на рукаве была павязка з чырвоным крыжам. Куды мяне панеслі, я не памятаю, таму што час ад часу зноў траціў прытомнасць. Прыйшоў у сябе я ўжо у палатцы, там ложкі стаялі ў два рады, а пасярэдзіне быў праход, перад якім знаходзіўся стол, за ім сядзела і драмала медсястра. Я паклікаў яе і папрасіў піць. Яна папярэдзіла мяне, каб я не варушыўся, бо ў мяне перабіты сустаў у назе і прывязана шына. Колькі я так ляжаў, не ведаю. Аднойчы ноччу я прачнуўся ад таго, што ў палатцы быў шум, крык, гам, на вуліцы былі чуваць стрэлы, у неба ўздымаліся ракеты. Мы вырашылі, што вярнуліся немцы. Пачалася мітусня. Хто мог, кінуліся ўцякаць. Я вырашыў таксама бегчы, але толькі і змог, што падняцца і ўпасці побач з ложкам… Потым мы даведаліся, што Германія капітулявала і закончылася вайна. Медсястра падняла мяне назад на ложак і выклікала ўрача. Далей я помню толькі тое, што мяне грузілі ў самалёт. Ачнуўся я ўжо ў шпіталі ў Ландсбергу. Ляжаў я там да таго часу, пакуль адзін з таварышаў па палаце не сказаў, што ў мяне ўжо пальцы на назе чорныя. Медсястра выклікала ўрача, ён глянуў на мяне і толькі і сказаў: “У аперацыйную!”
Ачнуўся я ўжо без нагі…
Вось так я сустрэў Дзень Перамогі…
А перад гэтым у Васілія Міхайлавіча было яшчэ адно цяжкае раненне, якое ён атрымаў у баях ва Усходняй Прусіі, калі яго батальён фарсіраваў Одэр. Стаўшы салдатам у 19-гадовым узросце, ужо ў 20 гадоў Васілій Цякала застаўся інвалідам. Было цяжка, але ён знайшоў сілы жыць, працаваць, будаваць будучыню. Вядома, крыўда на праклятую вайну, якая забрала здароўе і маладосць, і сёння засталася ў 91-гадовага ветэрана.
Сваімі ваеннымі ўспамінамі Васілій Міхайлавіч падзяліўся з членамі клуба “Пошук” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, якія з кіраўніком Марынай Аляксандраўнай Дзегцяровай завіталі да ветэрана напярэдадні Дня Перамогі, каб павіншаваць яго з надыходзячым святам. Дарэчы, члены клуба “Пошук”, які ўжо 30 гадоў працуе ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, частыя госці ў доме Васілія Міхайлавіча: яны не забываюць павіншаваць ветэрана вайны і са святамі, і з днём нараджэння.
— Такія сустрэчы вельмі важныя і для маладога пакалення, і для ветэранаў вайны, — упэўнена нязменны кіраўнік клуба “Пошук” Марына Аляксандраўна Дзегцярова. – Жывыя сведкі ваенных часоў як ніхто іншы могуць данесці да нас праўду аб той страшнай вайне, і іх успаміны неацэнныя для нашчадкаў. І калі мы гаворым, што дэвіз нашага клуба “Пошук”: “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, то маем на ўвазе, што мы не толькі будзем увекавечваць памяць аб загінуўшых земляках, але і памятаць аб тых ветэранах, хто яшчэ побач з намі і хто патрабуе нашай ўвагі і клопату.
На развітанне Васілій Міхайлавіч даў школьнікам наказ добра вучыцца і пажадаў, каб ім ніколі не давялося перажыць таго, што перажыло яго пакаленне, якое ў зусім маладым узросце трапіла ў гарніла вайны.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара