Сям’я Станіслава і Алены Талочкаў моцная сваімі каранямі

Лента новостей

444Прыкладам сям’і, дзе выхаванню дзяцей у адпаведнасці з каталіцкай рэлігіяй, з польскімі нацыянальнымі традыцыямі і каштоўнасцямі надаецца асаблівая ўвага, з’яўляецца шматдзетная сям’я Станіслава і Алены Талочкаў з Вялікіх Эйсмантаў.
Дзеці, а іх чацвёра, змалку прызвычаіліся да таго, што ў іх доме гучыць польская мова, добра разумеюць і размаўляюць па-польску. У гэтым заслуга найперш бабулі Галіны Іосіфаўны, якая прывівае ўнукам любоў да сваіх каранёў, да традыцый, да мовы. Сама жанчына родам адсюль, тут жылі яе бацькі. І муж Галіны Іосіфаўны, якога, на жаль, няма ўжо 17 гадоў, таксама быў мясцовым. Жанчына не ўяўляе сваё жыццё ў іншым месцы. Бо менавіта тут, у роднай вёсцы, яе карані, тут усё дорага і люба, тут жывуць дзеці – сын і дачка (яшчэ адна дачка – у Гродне), побач сябры і суседзі. Галіна Іосіфаўна працавала касірам у мясцовай гаспадарцы з часу яе ўтварэння. Яе ўсе добра ведаюць у аграгарадку. Жанчына і сёння, у свае 82 гады, цікавіцца жыццём мястэчка, наведвае службы ў касцёле, радуецца поспехам унукаў.
Гаспадыня сямейства, Алена Ры­шар­даўна Талочка – настаўніца Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы, выкладае польскую мову на факультатыве і ў гуртку. Вучні пад кіраўніцтвам Алены Рышардаўны пастаянна ўдзельнічаюць у традыцыйным абласным конкурсе дэкламатараў польскай паэзіі, які штогод праводзіцца па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі». І займаюць прызавыя месцы. Сёлета, напрыклад, дымломам ІІІ ступені адзначаны траццякласнік Арцём Яскевіч. Алена Рышардаўна – слухачка факультэта педагогікі і псіхалогіі Беластоцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, а яшчэ – адмысловая гаспадыня. Прызнаецца, што вельмі любіць выпякаць, асабліва розныя кандытарскія вырабы. Гаспадар – Станіслаў Генрыхавіч – працуе трактарыстам у СВК імя Варанецкага. Прафесія, зразумела, цяжкая, патрабуе поўнай самааддачы. Працаваць даводзіцца ў напружаным рытме, а ў пасяўную і ўборачную кампаніі – дык і ўвогуле ўвесь светлавы дзень і па выхадных. Але Станіслаў Генрыхавіч – адказны і старанны работнік. Яго цэняць і паважаюць у мясцовым сельгаскааператыве за сумленныя адносіны да сваёй працы.
Старэйшы сын Талочкаў, Яраслаў, якому 21 год, працуе ў Гродне. Дачка Караліна – студэнтка ІІ курса факультэта сучасных замежных моў Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы. Яшчэ адна дачка, Івона, скончыла 9 класаў. Дзяўчынка вельмі любіць хатніх пітомцаў, марыць стаць ветэрынарам. Актыўна ўдзельнічаў у конкурсах дэкламацыі польскай паэзіі і малодшы сын Талочкаў Януш, які перайшоў у 8 клас. Падлетак сябруе са спортам, займаецца вольнай барацьбой, прымае ўдзел у розных спартыўных спаборніцтвах.
У сям’і Талочкаў заўсёды пануе атмасфера ўзаемаразумення і павагі да дарослых. Дзеці дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. Стараюцца добра вучыцца, каб знайсці сваё месца ў жыцці. І такіх сем’яў нямала на эйсмантаўскай зямлі.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *