“Стылістычныя і моўныя нормы падачы газетных матэрыялаў розных жанраў”

Лента новостей

— так называўся абласны семінар галоўных рэдактараў дзяржаўных перыядычных друкаваных выданняў, які прайшоў на мінулым тыдні ў Зэльве.
Удзельнікаў мерапрыемства шчыра віталі на зэльвенскай зямлі намеснік старшыні райвыканкама В.М.Семяняка і галоўны рэдактар раённай газеты “Праца” К.У.Крэчка.
Валянцін Міхайлавіч пазнаёміў прысутных з сацыяльна-эканамічным развіццём Зэльвенскага раёна і тымі зменамі, якія за апошні час тут адбыліся. У час свайго выступлення В.М.Семяняка не мог не спыніцца на адной з галоўных падзей, якая адбылася ў раёне ў жніўні гэтага года – Анненскім кірмашы. Ён адзначыў, што Зэльвеншчына мае багатае мінулае, якое непарыўна звязана з гісторыяй усяго беларускага мінулага. Адной з яркіх яе старонак з’яўляецца Анненскі кірмаш. На працягу шэрагу дзесяцігоддзяў ён быў важнейшым камерцыйным мерапрыемствам Еўропы.
Традыцыя святкавання кірмашу была адноўлена ў 2001 годзе. Гэтае свята набыло новыя яркія фарбы, стала любімым не толькі для зэльвенцаў, але і гасцей. Дзякуючы старанням працоўных калектываў, жыхароў раёна, госці ўрачыстасці мелі магчымасць акунуцца ў атмасферу XVIII стагоддзя. Гэта мерапрыемства яшчэ раз даказвае, што зэльвенцы свята берагуць і ўшаноўваюць спадчыну свайго краю, яго культурныя традыцыі.
Пра асноўныя напрамкі работы, дасягненні ўстановы “рэдакцыя Зэльвенскай раённай газеты “Праца” расказала Клаўдзія Уладзіміраўна Крэчка.
У час правядзення пленарнага пасяджэння з цікавай і карыснай інфармацыяй выступілі выкладчыкі кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы М.І.Канюшкевіч, А.М.Купрыян і Т.В.Лукашэнка. Навукоўцы расказалі пра моўны патэнцыял жанру і яго рэалізацыі ў СМІ, пра моўную норму як фактар эфектыўнай камунікацыі газеты і чытача і пра праблемна-тэматычнае поле раённай газеты ў яго жанравым увасабленні.
Затым госці наведалі СШ №3 г.п.Зэльва, дзе паглядзелі інфармацыйны цэнтр і метадычную выставу раённага аддзела адукацыі, паказальныя выступленні клуба каратэ-до “Фудасін-Зэльва”, пабывалі ў школьным музеі.
Падчас наведвання Свята-Міхайлаўскай царквы-крэпасці абарончага тыпу (помнік канца XV- пачатку XVI стагоддзяў) у в.Сынкавічы адбылася цікавая гутарка з айцом Арсеніем Ананка, які расказаў пра гісторыю стварэння і прызначэння храма.
У Елкаўскай СШ пазнаёміліся з развіццём творчых здольнасцяў дзяцей праз заняткі ў літаратурна-паэтычным гуртку “Ветразі надзеі”, які вядзе намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце С.І.Літвінчык, дарэчы, добра вядомая нашым чытачам сваімі цудоўнымі вершамі. У Елкаўскім сельскім Доме культуры паглядзелі выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці, паслухалі выступленне фальклорнага калектыву.
Наведалі журналісты таксама аграсядзібу “Лаўрыновічы”, дзе для іх была наладжана экскурсія, раённы Дом культуры і цэнтральную раённую бібліятэку.
Ва ўсіх удзельнікаў семінара засталіся вельмі добрыя ўспаміны ад гасціннай зэльвенскай зямлі і яе ветлівых і працавітых людзей, якія сустракаюць сваіх гасцей смачнымі духмянымі караваямі, якімі славіцца гэты край.
Зінаіда Самкова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *