Цяжка паверыць, што крыху больш чым 10 гадоў назад на месцы добраўпарадкаванай плошчы ў цэнтры Пачобутаў, дзе знаходзіцца крыж і фігура Маці Божай, быў пустыр і зараслі. Але дзякуючы намаганням нераўнадушнай жыхаркі вёскі Альфрэды Ігнатовіч гэтае месца не толькі пераўтварылася ў куточак прыгажосці і духоўнасці, але і на працягу ўжо многіх гадоў застаецца ўзорам таго, што могуць зрабіць клапатлівыя рукі людзей, каб упрыгожыць родную зямлю. Прычым, сваімі ўласнымі сіламі, без прыцягнення сродкаў дзяржаўных органаў.
Ідэя паставіць на скрыжаванні ў Пачобутах фігуру Маці Божай прыйшла Альфрэдзе Іосіфаўне неспадзявана і ўжо не давала ёй супакою. У той час на пустыры стаяў закінуты ларок нарыхтоўчай канторы, і калі яго нарэшце прыбралі, Альфрэда Ігнатовіч звярнулася да старшыні тагачаснага калгаса “Дружба” за атрыманнем дазволу паставіць на гэтым месцы фігуру Маці Божай. Старшыня даў дазвол і выказаў спадзяванне, што можа гэта будзе стымулам для таго, каб навесці тут парадак. І Альфрэда Іосіфаўна актыўна ўзялася за рэалізацыю сваёй мары, як кажуць, падняла ўсю вёску, сабрала неабходныя сродкі. У час чарговай пілігрымкі ў Польшчу ў Чэнстахове купілі фігуру Маці Божай, Станіслаў Аўдзей з Макараўцаў вымураваў пастамент пад фігуру. Вяскоўцы прывялі пустыр у парадак, засеялі яго травой, высадзілі кветкі і дэкаратыўныя кусты і дрэўцы. Бачачы, з якім энтузіязмам жыхары Пачобутаў узяліся за справу, кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі дапамагло агародзіць плошчу.
А праз некалькі гадоў ксёндз з Макараўцаў звярнуўся да Альфрэды Ігнатовіч з прапановай устанавіць побач з фігурай Маці Божай і крыж. І зноў Альфрэда Іосіфаўна пайшла па хатах аднавяскоўцаў, дамовілася на пілараме, знайшла мужчын, якія ўзяліся за выраб крыжа.
— Каб падтрымліваць у парадку нашу плошчу, патрабуецца вельмі шмат працы, — гаворыць Альфрэда Іосіфаўна. – Не скажу, людзі не адмаўляюцца, дапамагаюць. Але маладыя ўсе занятыя на працы, таму большая нагрузка ляжыць на нас, пенсіянерах. Заўсёды разам са мной даглядаюць кветкі мае суседкі Зінаіда Ігнатовіч, Гэлена Пацэнка, Гэлена Кажанеўская, Вікторыя Амелевіч. Найбольш клопатаў дастаўляе частая касьба травы. Здаецца, толькі нядаўна пакасілі, а трава зноў вымахала. І я зноў іду па хатах, прашу мужчын з касілкамі на дапамогу. Заўсёды адклікаюцца Станіслаў Занеўскі, Казімір Ядкоўскі, Валянцін Пачобут, за гэта ім шчыры дзякуй.
Мы прайшліся з Альфрэдай Іосіфаўнай па плошчы, якой яна аддае столькі сіл і ўвагі. Тут сапраўды вельмі прыгожа і ўтульна: акуратная дарожка, высыпаная каменьчыкамі, шмат кветак, устаноўлены нават лавачкі, дзе можна пасядзець у цішыні і спакоі, падумаць аб вечнасці ці звярнуцца са сваімі праблемамі да Маці Божай.
Альфрэда Іосіфаўна расказала, што ў маі і чэрвені вяскоўцы збіраюцца тут на спецыяльныя набажэнствы, а зімой, на Божае Нараджэнне, на плошчы ставіцца ўпрыгожаная ёлка.
Альфрэдзе Іосіфаўне ідзе семдзесят першы год, але яе энергіі і запалу могуць пазайздросціць нават маладыя. Скажу шчыра, я была вельмі здзіўлена, калі даведалася, што жанчына яшчэ водзіць аўтамабіль, апрацоўвае даволі вялікі агарод, праўда, з дапамогай дзяцей і ўнукаў. Ужо дзевяць гадоў, як памёр муж, яна засталася адна.
— А калі б ён жыў, то ў гэтым годзе маглі б адзначыць залатое вяселле, — з сумам зазначае Альфрэда Іосіфаўна. – Муж быў вельмі добрым чалавекам, мне з ім пашанцавала. Шкада, што так рана памёр. Мы выгадавалі траіх дзяцей: сын жыве ў Макараўцах, а дочкі – у Гродне.
У Альфрэды Іосіфаўны ёсць яшчэ адно захапленне – музыка і спевы. У 90-я гады яна была адной з заснавальніц і салістак ансамбля польскай песні “Ютшэнка” (“Ранішняя зорка”), у яе шмат дыпломаў ад Саюза палякаў на Беларусі за асабісты ўклад у адраджэнне польскай культуры ў Беларусі. У гэтым ансамблі яна спявала да таго часу, пакуль не памёр муж, а потым ужо і сама не пайшла, і разам з ёй і іншыя старэйшыя жанчыны. Засталіся толькі маладзейшыя – сённяшні ансамбль польскай песні “Стокроткі”.
— Ведаеце, на вёсцы заўсёды шмат працы, звычайна, людзі каровы падояць і спаць лажацца, а мы — у машыну і на рэпетыцыю ў Макараўцы, — з усмешкай успамінае Альфрэда Іосіфаўна. – Бывала, што і сама на машыне ехала, але часцей усіх нас везла Яніна Рудая з Вішнеўкі. І так да дванаццаці ці нават да першай гадзіны ночы спяваем. Мае сёстры жывуць у Гродне і часам кажуць, што я, хоць і пражыла ўсё жыццё ў вёсцы, але пабачыла ўсяго куды больш, чым яны ў горадзе. Вядома, можна жыць у невялічкай вёсачцы, а пабачыць цэлы свет. Я пабывала ў многіх польскіх гарадах, з выступленнямі свайго ансамбля і ў пілігрымках, была ў Італіі, сустракалася з папам Янам Паў- лам II, ад калгаса ездзіла на экскурсіі ў Сухумі, Батумі, Гагры. Але дзе б я ні была, заўсёды сэрцам імкнуся сюды, бо родны куток наймілейшы.
На заканчэнне размовы Альфрэда Іосіфаўна сказала, што абсалютна задаволеная сваім жыццём, і нават калі б была магчымасць пачаць усё спачатку, то хацела б зноў пражыць яго так, як пражыла, і з тымі людзьмі, з якімі ішла поруч па жыцці. Магчыма, гэта і ёсць сапраўднае шчасце.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара