Каб замясціць імпарт некаторых прадуктаў раслінаводства і падтрымаць сваіх аграрыяў, у краіне дзейнічае дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011 – 2015 гады. Яна прадугледжвае і інвестыцыі для ўкаранення ў вытворчасць сучасных высокіх тэхналогій, каб наша сельская гаспадарка магла быць канкурэнтаздольнай сярод вытворцаў на багатым і насычаным сусветным рынку. У краіне праводзяцца семінары, куды запрашаюць аграномаў. Там яны могуць даведацца шмат цікавага.
Нядаўна выконваючы абавязкі начальніка ўчастка “АграСад” СВП “АграМір” Сяргей Агнеўскі пабываў на чарговым такім рэспубліканскім мерапрыемстве ў Мінскім раёне. Праводзіў семінар Інстытут пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удзел у ім прыняў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Васіль Паўлоўскі. На базе гаспадаркі “Усход” была паказана сучасная садовая тэхніка. Напрыклад, быў прадэманстраваны збор яблык сучасным самаходным агрэгатам. Затым па канвееры яблыкі выгружаюцца ў сховішча. Яны не б’юцца, іх можна доўга захоўваць. Дарэчы, на сённяшні дзень смачныя яблыкі айчыннай селекцыі, вырашчаныя без мноства хімічных апрацовак у два і нават тры разы танейшыя падобных імпартных. А яшчэ ў рэспубліцы будуць вырошчвацца грушы, таму што на сённяшні дзень у продажы ёсць толькі імпартныя. Айчынныя ў гандлёвую сетку зрэдку здаюць прыватнікі. Так, імпартныя грушы ўражваюць сваім прывабным выглядам, але беларускія вучоныя сцвярджаюць, што і мы можам вырошчваць не горшыя. А яшчэ людзі з задавальненнем будуць купляць слівы, вішні, ягады. Трэба толькі займацца развіццём пладаводства, і можна будзе напоўніць рынак айчыннай прадукцыяй. Зразумела, што гэта няпроста. Трэба пераадолець шмат перашкод, мець жаданне займацца такой справай.
Па словах Сяргея Агнеўскага, у час рэспубліканскага мерапрыемства было паказана шмат сучаснай тэхнікі. Зацікавіла людзей сартавальная лінія для разнастайных пладоў, апырсквальнікі і многае іншае. Былі таксама прадстаўлены прэпараты для догляду за дрэвамі.
— Пабываць на рэспубліканскіх семінарах заўсёды цікава, — гаворыць Сяргей Іванавіч. – На іх сапраўды дакранаешся да высокіх тэхналогій. Ды і гутаркі з калегамі таксама шмат даюць.
У садзе СВП “АграМір” зараз дабудоўваецца сховішча, вядзецца догляд за маладымі яблынькамі.
Ніна Наддэ