Спаборнічалі працоўныя калектывы Бераставіцкага раёна

Лента новостей

Раённыя спаборніцтвы па шашках, шахматах і гіравому спорту прайшлі ў мінулую суботу на базе Цэнтра дзіцячай творчасці. На гэты раз лепшых у прадстаўленых відах спорту вызначалі сярод працоўных калектываў Бераставіччыны. Удзельнічалі 9 каманд з раёна па шашках, 8—па шахматах. Тры калектывы сабралі каманды па гіраваму спорту. Як паказалі вынікі спаборніцтваў, найбольш разоў паднялі гіру вагой 24 кг Юрый Труш з СВК “Цецяроўка”, Анатоль Пашкевіч з СВК “Малабераставіцкі элітгас” і Сяргей Тарасевіч з РУСП “Масаляны”. Яны сталі пераможцамі ў гэтым відзе спорту кожны ў сваёй вазе. Сярод каманд па падняцці гіры прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: СВК “Малабераставіцкі элітгас” (1-е м.), СВК “Цецяроўка” (2-е м.), РУСП “Масаляны” (3-е м.).
Што датычыцца шашак і шахмат, тут пераможцамі сталі каманды Паплаўскага ДС-БШ і Вялікабераставіцкай СШ адпаведна. У асабістым заліку найлепшую гульню паказалі Алена Дубовік з гімназіі аг. Пагранічны і Сяргей Васіленка з Вялікабераставіцкай СШ—у шахматах, Наталля Лебедзь з СВК “Малабераставіцкі элітгас” і Пётр Дзярнейка з Паплаўскага ДС БШ—у шашках. У камандным заліку першымі сталі Паплаўскі ДС-БШ (шашкі) і Вялікабераставіцкая СШ (шахматы).
Пераможцы ўзнагароджаны граматамі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.

Турнір памяці Аляксандра Саўко

З 29 па 30 кастрычніка гэтага года ў г.Свіслач праходзіў VII Адкрыты рэспубліканскі турнір па вольнай барацьбе памяці майстра спорту міжнароднага класа, пераможцы Кубка міру, удзельніка Алімпійскіх гульняў, неаднаразовага прызёра сусветных і еўрапейскіх пяршынстваў Аляксандра Саўко. У турніры прынялі ўдзел звыш 100 юнакоў і дзяўчат з Мінска, Пінска і Гродзенскай вобласці. Паспяхова выступілі і выхаванцы ДЮСШ аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
Чэмпіёнамі рэспубліканскага турніра ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Мікіта Урбановіч, Дзмітрый Мініч і Максім Жалудок, якія былі ўзнагароджаны за перамогу Кубкамі, медалямі і ганаровымі граматамі арганізатараў. Другія месцы занялі Дзяніс Салавей, Максім Пузан, Ягор Тапарыўскі. Трэцімі сталі Аляксей Кухарчык, Уладзіслаў Садоўскі, Дзмітрый Казімірчык і Дзмітрый Янушка.
Святлана Ганчарова

Алімпіяда
вызначыла лепшых

На мінулым тыдні ў Вялікабераставіцкай школе прайшла раённая алімпіяда па прадмету “Фізічная культура і выхаванне” сярод устаноў адукацыі раёна. У спаборніцтвах прымалі ўдзел вучні 9-11-ых класаў.
Алімпіяда складалася з двух тураў. Падчас першага з іх — тэарэтычнага — хлопчыкам і дзяўчынкам прапаноўвалася “адолець” 30 пытанняў. У другім туры рабяты спаборнічалі ў гульнях у валейбол і баскетбол, у чаўночным бегу і бегу на дыстанцыі 1000 м, у падцягванні (для хлопчыкаў) і жымах лежачы (для дзяўчынак), а таксама ў акрабатыцы і гімнастыцы.
Па выніках алімпіяды 1-ае месца заняла каманда Вялікабераставіцкай СШ, 2-ое — гімназіі аг.Пагранічны, 3-яе — Алекшыцкай СШ. Каманда-пераможца і прызёры былі адначаны граматамі.
У індывідуальным першынстве прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: сярод хлопчыкаў 1-ае месца заняў Павел Вербель (Вялікабераствіцкая СШ), 2-ое і 3-яе адпаведна — Павел Снарскі і Вадзім Мартыш (Макараўскі яслі-сад-СШ); сярод дзяўчынак 1-ае месца дасталося Вользе Жыцкай (Вялікабераствіцкая СШ), 2-ое — Юліі Глінскай (Канюхоўскі яслі-сад-СШ), 3-яе — Кацярыне Люцік (Вялікабераствіцкя СШ). Самыя спрытныя былі ўзнагароджаны дыпломамі.
Цяпер пераможцы алімпіяды, а таксама ўладальнікі 2-іх месцаў будуць рыхтавацца да абласнога этапу, які адбудзецца напачатку студзеня ў наступным годзе!
Пажадаем спартсменам поспехаў у будучых спаборніцтвах!
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *