Сення сустракаў гасцей юбілейны Х фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”

Актуально Лента новостей Общество

Традыцыйна пачатак быў пакладзены ў касцеле Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Святога Яна Непамука.Напэўна, малітвы ўсіх вернікаў былі аб’яднаны аднолькавымі марамі-пра здароўе, мір і спакой.

На плошчы расчыніў свае дзверы горад майстроў “Народная творчасць-крыніца натхнення”. Ну і сапраўды, толькі натхненыя людзі здольны ствараць такія шэдэўры. Свае вырабы прадставілі бераставіцкія і гродзенскія майстры.

Паколькі фэст юбілейны, то арганізатары падрыхтавалі фотавыставу “10 гадоў.Сяброўства нас яднае”, дзе на фотаздымках адлюстраваны самыя яскравыя моманты ўсіх дзевяці фестываляў. Артур і Наталля Мядзелка дэманстравалі на персанальнай выставе “Бераставіцкія ваколіцы” пейзажы родных мясцін. А вось на кніжна-ілюстрацыйнай выставе “Польская культура на фоне сацыякультурнай прасторы Беларусі” наведвальнікі маглі пазнаёміцца з творчасцю беларуска-польскіх пісьменнікаў і прасачыць усю гісторыю фестывалю.

На ўрачыстым адкрыцці фэсту прывітальныя словы з нагоды юбілею гучалі з вуснаў Аліны Янушка, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Варанецкі” і Уладзіміра Янкойця, старшыні Эйсмантаўскагасельскага аддзела Саюза палякаў на Беларусі.

Сапраўдным упрыгожаннем свята стала выступленне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, ансамбля песні, музыкі і танца “Белыя росы”. У канцэрце таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

На шчырым і гасцінным эйсмантаўскім падворку гасцей частавалі бігусам -смачнай стравай польскай кухні.

Добры настрой жыхарам і гасцям аграгарадка дарыў народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі”. Жадаючыя далучыцца да традыцый змаглі паўдзельнічаць у майстар-класе па побытавых танцах “Танчым з асалодай”.

Вечарам добры настрой эйсмантаўцам стварала выступленне кавер-гурта “Beach Boogie Band» з Гродна. А завяршыўся фэст святочным феерверкам.

Аліна Блажэй, мнагадзетная маці з аг. В.Эйсманты:

— Разам з дзецьмі прыйшлі на свята, з задавальненнем паглядзелі канцэрт. Цяпер вырашылі паспрабаваць польскую нацыянальную страву. Спадабалася, вельмі смачна.

Ганна Мацейка, жыхарка г.Гродна:

— Нарадзілася я ў Вялікіх Эйсмантах, гэта мая малая радзіма, куды я з задавальненнем вяртаюся. Цяпер жыву ў Гродна. На фестываль трапіла ўпершыню. Гэта цудоўная магчымасць сустрэцца і пагутарыць з аднавяскоўцамі. Аграгарадок з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожым, высаджваецца многа кветак, усюды чысціня. Вельмі ўразіў канцэрт “Белых росаў” -яскравыя строі, цудоўнае выкананне. Арганізатары падрыхтавалі шмат цікавых выстаў.Мясцовыя гаспадыні падрыхтавалі смачныя слодкія прысмакі. І бігус прыгатавалі смачны. Жадаю аднавяскоўцам поспехаў, а прадпрыемству-багатага ўраджаю.

Наталля, рамеснік з г.Гродна:

— У Вялікія Эйсманты я прывезла свае работы, каб падарыць людзям радасць ад сузірання прыгажосці. Шмат хто падыходзіць, цікавіцца. Прыемна чуць кампліменты ў свой адрас. Відаць, што тут жывуць добрыя і адкрытыя людзі.

Вольга БЕЛЯНЯ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *