Вытворчы сельгаскааператыў “Пархімаўцы” Юрый Казіміравіч Ярэміч узначальвае ўсяго паўтара гады. Але і такі кароткі час паказаў, што старшыні і працоўнаму калектыву – па дарозе: ёсць ўзаемаразуменне і ўзаемапавага, давер і агульныя мэты. І старшыня, і працаўнікі разам накіроўваюць свае намаганні на тое, каб расла аддача зямлі, павялічвалася вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, валавы намалот збожжа вырас сёлета больш чым на паўтысячы тон. З прыбаўкай працуюць і жывёлаводы. Так, валавая вытворчасць малака за дзевяць месяцаў склала ў адносінах да такога ж перыяду мінулага года 105,3 працэнта, мяса – 120,2 працэнта. Надой на карову ў цэлым па сельгаскааператыве дасягнуў за студзень-верасень 4509 кілаграмаў, сярэднесутачнае прыбаўленне ў вазе буйной рагатай жывёлы на адкорме – 697 грамаў (прыбаўка – 144 грамы).
Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці старшыня сельгаскааператыва з удзячнасцю гаворыць пра сваіх працаўнікоў.
–Кожны з іх на сваім працоўным месцы ўносіць уклад у агульную справу, – падкрэслівае Юрый Казіміравіч.
Пры гэтым кіраўнік адзначае тых, хто здолеў дабіцца сёлета найлепшых вытворчых паказачыкаў. Гэта механізатар Іван Архіпчык, які ўнёс пад ураджай мінеральныя ўгнаенні на 2018 гектарах. А таксама Сяргей Бычкоўскі, які вызначыўся на запраўцы глебы арганікай: выпрацоўка гэтага механізатара – 1617 гектараў. 4644 тоны арганічных угнаенняў пагрузіў пагрузчыкам Валерый Хаванец.
З усёй адказнасцю працавалі механізатары на ворыве глебы, сяўбе збожжавых і зернебабовых, прапашных культур. Так, на сяўбе азімых Уладзімір Сяпееў дабіўся максімальнай выпрацоўкі: трактарам МТЗ-3022 ён засеяў 827 гектараў. А Аляксандр Карпуць на Джон-Дзіры забяспечыў своечасовае ворыва зябліва: механізатар узараў 650 гектараў глебы.
Сярод аператараў машыннага даення вызначылася звяно з малочнатаварнага комплексу “Канчаны” (яго ўзначальвае Наталля Казейка). У складзе гэтага звяна – Галіна Канаева, Наталля Кароль і Людміла Качаноўская. За 9 месяцаў прадуктыўнасць кожнай каровы склала ў жанчын у сярэднім 4557 кілаграмаў малака. Старшыня адзначыў таксама і старанне слесара комплекса Анатолія Пагранічнага, лабаранта Святланы Шоўгі.
Многае ўжо зроблена ў сельгаскааператыве і для росту вытворчых паказчыкаў у раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі ў годзе будучым. Да прыкладу, кармоў для жывёлы тут назапашана больш, чым летась, а па нарыхтоўцы сіласу сёлетні паказчык большы, чым мінулагодні. Значыць, быць і прыбаўцы жывёлагадоўчай прадукцыі.
З прафесійным святам вас, шаноўныя працаўнікі сельгаскаператыва, і добрых працоўных здабыткаў у будучым!
Марыя Драпеза,
фота аўтара