— Я не згодзен, што нельга паспяхова працаваць ў невялікай гаспадарцы. Асабіста я супраць непрадуманых аб’яднанняў. Мы бачылі розныя далучэнні, і што асаблівага яны далі? Ці дапамагло гэта атрымаць выдатныя вынікі? А РУСП “Масаляны” займае годнае месца ў сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. Калектыў працуе стабільна з года ў год. Паглядзіце на нашы паказчыкі. І ў земляробстве, і ў жывёлагадоўлі ў нас ёсць за што пахваліць людзей, адзначыць іх уклад у агульную справу, — гаворыць намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РУСП “Масаляны” Уладзімір Вайцюк і мае рацыю. Сам ён таксама не адно дзесяцігоддзе аддаў працы ў аграрным сектары. Таму і турботы, і радасць ад зробленага дружным калектывам ведае не “понаслышке”. Пагаварыць з ім было вельмі цікава. Ён камунікабельны і добразычлівы чалавек, а галоўнае, па-сапраўднаму зацікаўлены ў развіцці роднай гаспадаркі, таму і карыстаецца шчырай павагай сярод людзей.
Турбуе Уладзіміра Аляксандравіча, а таксама працаўнікоў РУСП “Масаляны”, як і ўсіх аграрыяў у гарачую пару жніва, як убраць у такое дажджлівае надвор’е вырашчаны багаты ўраджай. А ён сёлета тут на дзіва. У полі роўны каласок да каласка, з буйным прыгожым зернем, налітым сілай. Вока радуецца такой прыгажосці! Поле, як залатое мора, пад ласкавым ветрыкам. Любуюцца ім і вяскоўцы, і гараджане, якія прыехалі на летні адпачынак на малую радзіму.
Парадаваў людзей і азімы рапс. Ураджайнасць гэтай запатрабаванай культуры ў РУСП “Масаляны” – 39 цэнтнераў з гектара, найвышэйшая ў раёне, а сярэдняя па Береставіччыне – 16,9. Урадзіла азімая пшаніца – пад 70 цэнтнераў з гектара, у мінулым годзе была 45.
—Як вы гэтага дабіліся? – пацікавілася я.
— Укладвалі шмат, — з задаволенай усмешкай раскрывае сакрэт поспеху Уладзімір Вайцюк. – Захоўвалі сучасныя тэхналогіі раслінаводства, добра даглядалі пасевы, таму і аддача ёсць.
Загадзя падрыхтаваліся тут і да жніва. У РУСП “Масаляны” на ўборцы збожжавых і зернебабовых у гэтым сезоне працуюць 5 камбайнаў, адзін з якіх імпартны “Лексіён-580”. А два новых “Палессе КЗС -1218” купілі нядаўна. Камбайнеры задаволены тэхнікай. Убраць трэба нямала – 248 гектараў азімай пшаніцы, 78 яравой, 82 яравога ячменю, 20 грэчкі і іншае.
— Каб хаця тыдзень сонечнага надвор’я, — гаворыць галоўны аграном Сяргей Калеснік. – Мы б знялі добры ўраджай.
На тое, што дажджы перастануць ісці так часта, спадзяюцца зараз усе аграрыі. У РУСП “Масаляны” адзін зернесушыльны комплекс, польскі “М-819”, які эксплуатуецца ўжо больш за 20 гадоў. Рыхтавалі яго да работы галоўны энергетык Сяргей Анохін з брыгадай. А збожжа ў гэтым годзе больш вільготнае, чым у мінулым. Днём бывае 18%, летась было 16%. За якасцю работ сочыць аграном-насеннявод Аляксандр Гурчанка. Узводзіцца фундамент пад новую айчынную сушылку, на ёй можна будзе сушыць кукурузу.
Для камбайнераў у гаспадарцы створаны добрыя ўмовы працы. Смачныя абеды і вячэры ім гатуюць повар Таццяна Панцэвіч і яе памочнік Валянціна Гузюк. На развозцы працуе Надзея Анохіна.
Калі дзень сонечны, намалоты рэкордныя. Напрыклад, 24 ліпеня камбайнер Аляксандр Іваноўскі намалаціў 185 тон, а ўсе разам больш за 600. Дзяржзаказ на азімую пшаніцу ў гэтым годзе 700 тон. Здалі ўжо больш за палову. Стараюцца і вадзіцелі на адвозцы – Мікалай Ясюля, Андрэй Летка, Анатоль Канеўскі, родныя браты Ігар і Дзмітрый Каровіны.
На здымку: у РУСП “Масаляны” ганарацца сваімі камбайнерамі: Аляксандрам Іваноўскім, Іванам Антановічам, Юрыем Калютам, Аляксандрам Максімікам, Аляксандрам Якімовічам, Аляксандрам Калеснікам, Андрэем Пракопчыкам, Анатолем Анішчыкам, Аляксандрам Кіку.
Ніна Наддэ, фота аўтара