Не так часта даводзіцца бываць у Масалянах, але кожны раз з нейкім асаблівым пачуццём набліжаешся да канторы цяперашняга сельскагаспадарчага прадпрыемства. Гісторыя тут на кожным кроку. Стары парк, сам будынак канторы, які часткова захаваўся з пачатку яшчэ мінулага стагоддзя, і нават дуб побач, з левага боку ад былой панскай сядзібы, які нядаўна давялося ўбачыць з больш пышнай кронай на фотаздымку 1939 года, настойліва нагадваюць пра дзень учарашні, такі далёкі, а з другога боку — вельмі блізкі. У такім асаблівым месцы нават гэты здымак мне пашанцавала зрабіць у стылі “рэтра”. Прыехалі на жывёлагадоўчы комплекс, размаўляем з брыгадзірам Вольгай Гурчанка, з даглядчыкамі. Раптам у полі зроку з’явілася жанчына з канём, якая набліжалася ў наш бок. — Гэта таксама адна з нашых,-заўважыўшы маю зацікаўленасць, сказаў хтосьці з жанчын. Камеру я трымаў у руках. “Чым не ўпрыгожанне на святочную старонку газеты, прысвечаную працаўнікам гаспадаркі?” – неяк маланкава прамільгнула ў галаве. Вось так з’явіўся здымак Зоі Садаўнічай, якая занята на дарошчванні цялушак. І хоць коней “класічных” сёння амаль поўнасцю замянілі іх “стальныя” браты, і менавіта яны з’яўляюцца адным з сімвалаў сучаснай сельскай гаспадаркі, усё ж і коні сям-там надзейна працягваюць служыць людзям. А на фермах добры конь – гэта проста знаходка.
Не прайшло яшчэ і паўгода, як РУСП “Масаляны” узначаліў новы кіраўнік – Алег Восіпавіч Антушэвіч. Сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў дзесяць гадоў таму побач, у суседнім CВК імя Варанецкага. Быў садаводам, аграхімікам, а з 2003 года займаў адказную пасаду галоўнага агранома. Нарадзіўся у горадзе, у Гродне, але свой лёс звязаў менавіта з нашай зямлёй, бо тут засталіся яго карані. Тут нарадзіўся яго бацька, тут жылі яго бабуля і дзядуля. І вось у разгары гэтага лета – чарговая вяха ў жыцці. Хаця ў плане адлегласці пераезд з аднаго месца працы на другое быў зусім кароткім, аднак “міжпасадная дыстанцыя” павялічылася значна. Цяпер ужо не толькі праблемы раслінаводства хвалявалі маладога кіраўніка. Кола яго клопатаў павялічылася ў разы. — Каб гаспадарка эфектыўна развівалася,- гаворыць Алег Восіпавіч,- неабходна пастаянная мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы. – А для гэтага, як вядома, патрэбны грошы. Аднак іх, якраз, найчасцей і не хапае, Вырашыць праблему дапамагаюць крэдыты, але,,, цяпер да 40 працэнтаў заробленых грошай прыходзіцца накіроўваць на іх пагашэнне. Тым не менш гаспадарка паступова развіваецца. У гэтым годзе у лізінг узялі энерганасычаны трактар МТЗ-3022 з прычапнымі агрэгатамі, кормаўборачны камбайн “Палессе”, дзякуючы якому нарыхтавалі ўвесь сілас. Набылі таксама прэс-падборшчык з абмотчыкам для нарыхтоўкі сена па новай тэхналогіі. Вельмі актуальнай яшчэ застаецца праблема замены зернесушылкі, бо тая, што ёсць у гаспадарцы, і маральна, і фізічна састарэла – ёй ужо больш за 40 гадоў. Мадэрнізуецца і вытворчая база. У снежні мінулага года быў здадзены ў эксплуатацыю сучасны жывёлагадоўчы комплекс на 800 дойных кароў. А сёлета на новае месца жыхарства “пераедуць” цялушкі. Для іх збудаваны новы прафілакторый, і цяпер увесь маладняк буйной рагатай жывёлы будзе размешчаны пад адным дахам. Дзякуючы канцэнтрацыі жывёлы ў адным месцы, разлічваюць паменшыць энергазатраты. Больш зручнасцей будзе і ў арганізацыі самога вытворчага працэсу. Да цяперашняга часу цялушкі знаходзіліся ў трох розных будынках. І, нарэшце, яшчэ адзін немалаважны фактар высокапрадукцыйнай дзейнасці любога калектыву – стварэнне спрыяльных сацыяльна-бытавых умоў для яго працаўнікоў. На гэту дэталь тут таксама звяртаюць увагу. Прыгожыя сучасныя вуліцы ў Масалянах папоўніліся ў кастрычніку яшчэ 6 новымі дамамі з 10 кватэрамі. У большасць з іх перасяліліся ўжо сем’і працаўнікоў гаспадаркі.







Падрыхтаваў Сяргей Хілюта