Выпускныя школьныя вечары прайшлі 11–12 чэрвеня для 75 адзінаццацікласнікаў нашага раёна.
Апошні раз у сцены роднай школы прыйшлі і 37 выпускнікоў Вялікабераставіцкай сярэдняй школы. Прыгожыя, незвычайна ўзрушаныя, яны і верылі і адначасова яшчэ не зусім разумелі, што школьныя гады, а разам з імі і дзяцінства, ужо закончаны, а наперадзе – нязведанае дарослае жыццё. Усхваляваныя бацькі непрыкметна змахвалі слязінкі, а настаўнікі са шкадаваннем і надзеяй глядзелі на сваіх былых вучняў.
Пачалося свята ўрачыстай лінейкай, на якой і выпускнікі, і бацькі выказалі падзячныя словы роднай школе і атрымалі наказ ад яе дырэктара Наталлі Пачобут. Рознакаляровыя паветраныя шары ўзняліся ў неба, сімвалізуючы выпускнікоў, якія назаўсёды адлятаюць з роднай школы.
Затым ганаровай калонай на чале з узорным духавым аркестрам “Тuttі” адзінаццацікласнікі разам з настаўнікамі і бацькамі рушылі галоўнай вуліцай пасёлка да раённага Дома культуры, дзе і адбылася сама ўрачыстаць уручэння атэстатаў.
У гэтым годзе выпускны вечар прайшоў у форме цырымоніі “Оскар – 2013”. Атэстаты аб сярэдняй адукацыі адзінаццацікласнікі атрымоўвалі ў самых розных намінацыях: “Залатыя галовы”, “Разумнікі і разумніцы”, “Казачны прынц”, “Класнае сонца”, “Міс дабрыня”, “Міс грацыя і пластыка”, “Фантазія, натхненне, творчасць”, “Сапраўдныя джэнтльмены” і іншыя.
Дзве выпускніцы 11 “б” класа — Ганна Марозік і Ганна Петух — закончылі школу з залатым медалём. За выдатную вучобу яны атрымалі і стыпендыю раённага выканаўчага камітэта, якую ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык. Шэраг адзінаццацікласнікаў былі ўзнагароджаны Пахвальнымі лістамі і граматамі.
Святочная праграма выпускнога вечара была напоўнена прачуленымі пажаданнямі для выпускнікоў, якія перапляталіся з іх словамі ўдзячнасці любімым настаўнікам, класным кіраўнікам Юліі Сізовай і Таццяне Мелянец, бацькам і адміністрацыі школы.
Завяршылася ўрачыстая частка мерапрыемства развітальным вальсам на плошчы гарадскога пасёлка, паглядзець на які сабралася шмат жыхароў Вялікай Бераставіцы.
Выпускнікі кружыліся ў вальсе, пакідаючы ў сваім сэрцы толькі самыя светлыя ўспаміны пра школу і адгортваючы новую старонку свайго лёсу, якая павядзе іх у самастойнае дарослае жыццё.
У добры шлях, выпускнікі!
Ірына Міклаш, фота аўтара