Работа ў камандзе – адзнака часу

Лента новостей Сельское хозяйство

IMG_2647У СВК “Малабераставіцкі элітгас” шмат людзей, праца якіх, магчыма, на першы погляд і непрыкметная, але вельмі патрэбная і важная. Іх маленькі сакрэт, які дапамагае крок за крокам рабіць гаспадарку моцнай нават у няпростых эканамічных умовах, зусім нескладаны. Калі падтрымліваць адзін аднаго, падстаўляць плячо, дык тады лягчэй пераадольваць цяжкасці. Працаўнікі ў гэтым сельгаскааператыве, які можна назваць па-сапраўнаму “элітным”, бо спецыялізуецца ён на вырошчванні высакаякаснага насення збожжавых і бульбы, ствараюць моцную каманду. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, добрай арганізацыі працы і стараннасці людзей, тут забяспечваецца бесперабойны вытворчы канвеер у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
Немагчыма ўявіць паспяховае вядзенне сельскай гаспадаркі без надзейнага аўтамабільнага транспарту. Ужо глянуўшы на тэрыторыю аўтагаража ў гэтым сельгаскааператыве, можна ўпэўніцца, што тут парадак, тэхніку любяць і добра даглядаюць, каб яна не падводзіла і доўга служыла. Давялося мне пагутарыць і з працаўнікамі, якія на гэтым аб’екце сапраўды знайшлі сябе. Самыя цёплыя словы ў іх адрас выказала намеснік старшыні СВК “Малабераставіцкі элітгас” па ідэалагічнай рабоце Таццяна Жэнгелевіч.
Фронт работ у аўтагаражы немалы – усяго тут 72 адзінкі разнастайнай тэхнікі. Гэта 49 грузавікоў, 5 аўтобусаў, ёсць нават аўтакран і многае іншае. Вядома, новая тэхніка каштуе зараз вельмі дорага, таму стараюцца добра даглядаць тую, што ёсць. З апошніх пакупак была толькі магутная машына МАЗ, якую набылі ў мінулым годзе.
Загадчык аўтагаража Павел Лебедзь (на здымку разам са Свят­ланай Ваўчок) закончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, ён любіць сваю работу. У аўтагаражы спецыяліст працуе з 2009 года. За гэты час гараж пабагацеў, тут прыбавіліся два магутныя МАЗы, іншая тэхніка. Павел цікавіцца самай сучаснай інфармацыяй пра аўтамабілі. Ён выдатна раз­біраецца ў рамонце, пад яго непасрэдным кантролем набываюцца разнастайныя запчасткі ў фірмах. Улічваюцца пры гэтым і цэны, грошы сельгаскааператыва выкарыстоўваюцца рацыянальна і эканомна. У абавязкі Паўла ўваходзіць выдзяленне паліва на неабходны аб’ём работ і многае іншае. Да ўсяго ён падыходзіць па-гаспадарску, каб усе работы выконваліся своечасова і якасна, а значыць, не было затрымкі іншым працаўнікам, бо аграрны сектар – гэта адзіны складаны “жывы механізм”.
Вядома, як і ўсюды, не абыхо­дзіцца тут без праблем. Тэхніка ж далёка не новая, таму сачыць за ёй трэба пільным і клапатлівым вокам.
— Павел Уладзіміравіч, а ці можаце Вы адразу, як кажуць, з першага погляду вызначыць, напрыклад, што ў машыне не так? — задаю па-жаночаму дылетанцкае пытанне.
Мой субяседнік шчыра ўсмі­хаецца:
— Кожная машына абавязкова правяраецца перад выхадам на лінію. Безумоўна, непаладкі заўважаем і не пакідаем іх без увагі. Тады адразу робім тэрміновы рамонт. Слесараў у нас няма, таму рамонтам займаюцца самі вадзіцелі. Яны зацікаўленыя, каб берагчы свой транспарт. У нас усе вадзіцелі добра авалодалі рамонтам. Кожны шафёр даглядае сваю машыну, як можа.
Мне самой не адзін раз даво­дзілася чуць ад вопытных вадзі­целяў, што машына, хаця і жалезная “неадушаўлённая істота”, але прывыкае да чалавечых чулых рук. Гэта вадзіцельскі цікавы погляд на любімую тэхніку. А мне пры гэтым падумалася: навыкі вашы за дні, гады і дзесяцігоддзі ў любімай прафесіі ўдасканальваюцца да філіграннага майстэрства, таму і ўзнікае такая цудоўная гармонія. Нездарма раней складалі лірычныя песні пра нялёгкі хлеб чалавека “за штурвалам”, такім ён застаўся і зараз.
Важная і работа дыспетчара і бухгалтара ў аўтагаражы. У адной асобе ўдавалася спалучаць гэтыя два заняткі Святлане Ваўчок. У такіх прафесіях важная дакладнасць, дасціпнасць, а гэта ўласціва ёй з самых маладых гадоў, калі дзяўчына пасля школы паступіла ў Ашмянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Спецыяльнасць “бухгалтар” прываблівала яе тым, што ў лічбах, як у люстэрку, заўсёды ў лаканічнай і сціслай форме змяшчаецца важная інфармацыя, а значыць, ёсць свая стройная сістэма. Ні адна галіна нашага жыцця не абыходзіцца без належнага бухгалтарскага ўліку. Вось і ў аўтагаражы Святлана займаецца пуцявымі лістамі вадзіцеляў, вя­дзе адпаведную дакументацыю, налічэнне зарплаты. Аб’ём работ у яе немалы – вадзіцеляў тут працуе амаль пяць дзясяткаў чалавек. А ў полі зроку спецыяліста яшчэ два немалых паляводчых участкі. Да ўсяго трэба падыходзіць з вялікай увагай, каб інтарэсы кожнага працаўніка былі абаронены, каб у людзей была ахвота працаваць. Не сакрэт, што калі праца чалавека годна ацэнена, яго ўклад і старанне паважаюць, нават у няпростых сучасных эканамічных умовах у яго ёсць стымул старацца далей.
У аграгарадку Малая Бераставіца кожны вясковец, як на далоні. У невялікіх населеных пунктах людзі добра ведаюць адзін аднаго. Павел добры сем’янін, у яго падрастаюць два хлопчыкі, малодшы нарадзіўся нядаўна. На заканчэнне гутаркі з гэтымі цікавымі людзьмі захацелася запытацца пра асабістае.
— Павел, а дзяўчынку Вы не хацелі? – жартую. – Хлопчыкі ж у вас ужо ёсць?
— Мне асабіста хто ёсць, той і добра. Як бацька, я вельмі задаволены, што ў мяне два сыны. Любы мужчына, лічу, быў бы задаволены. А пра дзяўчынку мы з жонкай яшчэ не думалі…
Ужо зараз з упэўненасцю можна сказаць, што сыны Паўла не застануцца раўнадушнымі да бацькавага захаплення. Які ж хлопчык не марыць сесці за руль аўтамабіля?
А па абаяльнай і прывабнай маладжавай знешнасці Святланы нават падумаць нельга, што ў яе дзве дарослыя дачкі і нават ужо ёсць унукі. Сяльчанка гэтая сапраўды маладая, свеціцца добрым настроем і аптымізмам. А ў вольную гадзіну, калі яна выдаецца, любіць жанчына займацца вязаннем, прысядзібным участкам. А яшчэ цікавіцца камп’ютарам, што стала сапраўднай вернай прыкметай нашага жыцця ў 21 стагоддзі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *