Калі едзеш па вуліцах аграгарадка Вялікія Эйсманты, вока прыцягвае адметная сядзіба, якую сапраўды можна назваць узорнай. Гэта падворак сям’і Барысевіч. Гаспадар, Сяргей, працуе інжынерам на свінакомплексе, яго жонка Аліцыя – медсястра. Немагчыма было не пагаварыць з гаспадыняй, якая стварыла ў сябе каля дома такую адметную прыгажосць.
— Спачатку мы жылі ў трохпакаёвай кватэры, якую нам далі ў гаспадарцы, — расказвае Аліцыя Генрыхаўна. – Там былі пасаджаны толькі вішні каля дома. Але ад бабулі мне застаўся дом. Туды мы і перайшлі жыць з кватэры.
Добра, што ў людзей ўзнікла жаданне жыць на зямлі, калі кавалачак яе належыць асабіста ім. Псіхолагі сцвярджаюць, што менавіта такія ўмовы вельмі спрыяюць добраму настрою і камфорту для сям’і. Для многіх гэта сапраўднае шчасце. Таму за мяжой багатыя сем’і часта аддаюць перавагу перад мегаполісамі жыццю ў прадмесцях, нягледзячы нават на тое, што трэба ездзіць на працу. Тады і дзеці вучацца змалку шанаваць родную прыроду, жыць з ёю ў гармоніі.
Пра такую прагу да свайго ўласнага кавалачка зямлі расказала мне і Аліцыя Генрыхаўна. Вельмі захацелася ёй мець свой падворак з мноствам прыгожых кветак і ўтульнымі месцамі, дзе можна адпачываць на свежым паветры. І вось ужо 13 гадоў яе мара пераўтварылася ў жыццё.
Спачатку добраўпарадкавалі дом. Потым сталі ўпрыгожваць падворак. Уся сям’я дала прастор сваёй фантазіі, падтрымліваючы маміну задумку. І кожны раз гэта было сапраўднае свята, калі роўным вожыкам адрастала “падстрыжаная” газонная трава, яскравымі стракатымі агеньчыкамі зіхацелі кветкі, а непадалёку віднелася маленькае возерца з быццам жывымі рыбкамі і жабкамі…
Гаспадыня вельмі любіць ружы. Акрамя кветак, якія растуць на зямлі, у Аліцыі Генрыхаўны яшчэ шмат і такіх, што вісяць і ўпрыгожваюць дом. Ёсць тут і дэкаратыўныя кусты.
Дагледжаная і прыгожая ся-дзіба Аліцыі Генрыхаўны можа служыць добрым прыкладам таго, як можна навесці парадак на сваім падворку. Яе захапленне пераймаюць іншыя. Аграгарадок прыгажэе з кожным годам.
Ніна Наддэ,
фота аўтара