Кожны з нас – будаўнік свайго лёсу. Складваецца ён у людзей па-рознаму, але ёсць пры гэтым адна непрыкметная на першы погляд асаблівасць, якая прымае часам кардынальнае значэнне. Калі чалавек, асабліва малады, па натуры аптыміст, дык і цяжкасці ён перанясе дастойна, зможа рэалізаваць свой патэнцыял. Пагутарыць з дзяўчатамі і хлопцамі, якія працуюць у нашых сельгаскааператывах, заўсёды цікава. Не расчаравала мяне і гэтае знаёмства. Вельмі прыемнае ўражанне засталося ў мяне ад нядаўняй гутаркі з моладдзю СВК “Макараўцы”. Маладыя людзі асвойваюць свае прафесіі, у іх вачах гарыць шчыры агеньчык зацікаўленасці сваёй справай, па іх бадзёрасці і добрым настроі, аптымізму, мяккім і цёплым гумары адчуваецца, што занятак свой яны выбралі не выпадкова.
Аляксандр Горскін і Анжаліка Кудлаш працуюць у СВК “Макараўцы” юрысконсультамі. Прафесія гэтая вельмі запатрабаваная ў наш час, неабходная і ў горадзе, і ў вёсцы. Аляксандр закончыў школу ў Гродне, потым Гродзенскі філіял Беларускага інстытута правазнаўства. Вучыцца было цікава, ён шмат даведаўся. Не толькі для таго, каб быць дасведчаным спецыялістам, але і “для сябе”, для павышэння свайго ўзроўню цікава было назапашваць веды. А ў сельскай мясцовасці, у СВК “Макараўцы” хлопец аказаўся не выпадкова. Сам знайшоў тут вакансію, праявіў увішнасць. І не важна, як далей складзецца яго лёс, вернецца ён у горад, ці застанецца ў гэтых маляўнічых мясцінах, можна канстатаваць, што характар у Аляксандра цвёрды, ён умее прымаць рашэнні, а значыць, усё ў яго ў далейшым складзецца добра. А зараз малады чалавек вельмі цёпла выказаўся пра добразычлівасць вясковых жыхароў, іх прастату, непасрэднасць, якой так не хапае многім гараджанам. Пра Аляксандра паклапаціліся, забяспечылі месцам у інтэрнаце. У вольны час ён любіць займацца спортам, чытаць, а адзін з любімых аўтараў яго – Рэмарк. Я згадзілася з маладым чалавекам, да такога неардынарнага пісьменніка цяжка застацца раўнадушным. А ў вёсцы зараз можна жыць не горш, чым у горадзе – Інтэрнэт аб’ядноўвае з усім светам, што вельмі радуе.
Анжэла Кудлаш – мясцовая, з вёскі Глебавічы. Яна працуе і завочна вучыцца ў Гродзенскім універсітэце. Работа ў СВК “Макараўцы” ёй вельмі падабаецца. Яна таксама адзначае, што тут добры калектыў, прыязныя людзі, што безумоўна, нават важней, чым памер зарплаты. Муж Анжэлы працуе ў гаспадарцы галоўным эканамістам, у іх ёсць маленькая дачка, сям’і далі дом. Безумоўна, ад дабра дабра не шукаюць, так што сельгаскааператыў прыдбаў адданых спецыялістаў.
А Святлана Жвалеўская і Алена Жвалеўская – бухгалтары. Яны таксама мясцовыя. Пры выбары адукацыі перавагу аддалі Гродзенскаму аграрнаму ўніверсітэту. І хаця іх прафесія звязана, як кажуць, “з сухімі лічбамі”, яны зусім так не думаюць. Лічбы ствараюць стройную сістэму і гармонію, і за кожнай з іх — гаспадарчая дзейнасць, жывыя людзі. Таму занятак іх вельмі адказны, і яны стараюцца выконваць свае абавязкі як мага лепш.
А аб’ядноўвае гэтых дзяўчат і хлопца адно, галоўнае – ім “працаваць падабаецца”. Няхай гэтае шчырае жаданне суправаджае іх усё жыццё, няхай яны адчуваюць радасць і маральнае задавальненне ад свайго выбару!
Ніна Наддэ,
фота аўтара