Напрыканцы апошняга навучальнага года выпускнікі задуменна разважаюць над філасофскім пытаннем “Кім стаць?” Вядома, адказ на яго павінен быць задоўга да часу “Х”. Таму, каб школьнікі старэйшых класаў маглі вызначыцца з прафесіяй загадзя, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізавалі для будучых выпускнікоў экскурсію, якая дала магчымасць “прымерыць” некаторыя спецыяльнасці на сабе і, магчыма, зрабіць выбар на карысць адной з іх.
І першае, чым паспрабавалі зацікавіць арганізатары прафарыентацыйнага мерапрыемства будучых абітурыентаў – рабочыя спецыяльнасці, якія прапаноўвае атрымаць Бераставіцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. На хвілінку адчуць сябе навучэнцам гэтай установы, “дакрануцца” да адукацыйнага працэсу, наведаць вучэбныя аўдыторыі і майстэрню змаглі школьнікі Пархімаўскай базавай школы і Паплаўскага ясляў-сада – базавай школы.
А вось для вучняў з Алекшыцкай сярэдняй школы маршрут да прафесійнага самавызначэння быў іншым. Перш хлопцы і дзяўчаты наведалі аддзел загс Бераставіцкага райвыканкама. Аб спецыфіцы сваёй работы, якая, дарэчы, заключаецца не толькі ва ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў і нараджэння, а патрабуе высокай юрыдычнай граматнасці для вырашэння іншых пытанняў, расказалі супрацоўнікі аддзела. А прадстаўнік ад натарыяльнай канторы Бераставіцкага раёна паведаміла будучым абітурыентам аб яшчэ адной юрыдычнай прафесіі – натарыус.
Наведаўшы музей Вавёркі, навучэнцы даведаліся і аб тым, што з вышэйшай гістарычнай адукацыяй не абавязкова працаўладкоўвацца ў школу настаўнікам. Спецыялістаў такой накіраванасці чакаюць і ў музеях. Пацверджаннем гэтаму стаў прыклад супрацоўніка музея, які з наведвальнікамі падзяліўся не толькі асаблівасцямі сваёй працы, а таксама правёў экскурсію.
Наступным аб’ектам, дзе пашанцавала пабываць вучням Алекшыцкай і Пархімаўскай школ, а таксама Паплаўскага ясляў-сада – базавай школы, стаў цэх па вытворчасці папяровых вырабаў санітарна-гігіенічнага прызначэння Бераставіцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Сваімі вачыма школьнікі назіралі за працэсам вырабу паперы.
– На фарміраванне прафесійнага светапогляду непасрэдна аказваюць вялікі ўплыў прадстаўнікі розных прафесій, – адзначае галоўны спецыяліст адзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Вайтулевіч. – Таму экскурсіі на прадпрыемствы і наведванне дзён адкрытых дзвярэй у навучальных установах карысны метад прафесійна арыентаваць старэйшых школьнікаў, падрыхтаваць іх для самавызначэння.
Алена Карпук,
фота аўтара