Праз падарожжа — да ведаў

Лента новостей

DSCF3080Пачаўся новы навучальны год, а з ім і новыя адкрыцці, і цікавыя падарожжы. У канцы верасня вучні 4-7 класаў гімназіі аг.Пагранічны накіраваліся на экскурсію па маршруце “аг.Пагранічны — Гродна — Аўгустоўскі канал ”.
Падарожжа пачалося з абзорнай экскурсіі па горадзе, у час якой мы наведалі Фарны касцёл, памаліліся каля іконы Маці Божай Кангрэгацкай і папрасілі добрых адзнак. З захапленнем слухалі гісторыю Каложскай царквы, пагулялі па алеі Дружбы народаў, прайшліся вулачкамі старога горада, убачылі сонечны гадзіннік, які з’явіўся на плошчы перад касцёлам у жніўні месяцы, пабывалі каля пажарнай вежы і дэпо. Нам удалося пачуць трубача, які кожны дзень падымаецца на вежу і іграе мелодыю “Беларускія фанфары”, нібы гаворачы гараджанам, што ў горадзе ўсё спакойна.
Прыпыняліся каля Старога і Новага замкаў, сінагогі, помніка Элізы Ажэшкі, паслухалі цікавыя гісторыі пра знакамітых людзей, імёны якіх звязаны з гісторыяй Гродна.
Наступным прыпынкам быў Музей гісторыі рэлігіі. Экскурсавод расказала пра рэлігійныя канфесіі, якія існуюць у нашай краіне. Мы ўбачылі шмат экспанатаў, якія зацікавілі і ўразілі нас. Даведаліся, што адзін з экспанатаў, які называецца ”Сэрца Хрыста”, быў знойдзены ў склепах касцёла Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы.
Па дарозе на Аўгустоўскі канал мы прыпыніліся каля Форту №2, які захаваўся да нашага часу. Усіх уразіў дварцова – паркавы комплекс у мястэчку Свяцк, маёнтак магнатаў Валовічаў. А гісторыя пра прывід дачкі магната захапіла так, што вучням яшчэ раз захацелася сюды прыехаць. Некранальная прыгажосць беларускай прыроды адкрылася нам, калі пад’язджалі да Аўгустоўскага канала. Мы даведаліся, што ён аб’ядноўвае Нёман і Віслу, а працягласць яго — 102 кіламетры, прычым, з іх толькі 22 па тэрыторыі Беларусі. На Аўгустоўскім канале мы пакаталіся на параходзе “Нёман”, шлюзаваліся на самым вялікім шлюзе канала “Дамброўка”, захапляліся прыгажосцю Аўгустоўскай пушчы.
Упэўнена, што дзеці не толькі цікава адпачылі са сваімі сябрамі, але ўбачылі, даведаліся і запомнілі шмат новага. Спадзяюся, што запланаваная сустрэча з Дзедам Марозам на Навагоднім прадстаўленні ў Мінску будзе не менш цікавай і захапляльнай.
Тамара Андрушка, класны кіраўнік 7 класа гімназіі аг.Пагранічны



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *