“Паспытала гора на чужбіне…”

Культура Лента новостей

IMG_3137Зінаіда Раманаўна Марцуль з пакалення тых людзей, хто на сваім жыцці паспытаў усе цяжкасці ваеннага ліхалецця. 17-гадовай дзяўчынай яна была вывезена на прымусовыя работы ў Германію, працавала на гаспадарцы ў нямецкага баўэра, пасля вызвалення яшчэ год была санітаркай у ваенным шпіталі.
Яе лёс у многім падобны на лёсы яе сучаснікаў, але ж жыццё кожнага чалавека па-свойму непаўторнае, напоўненае старонкамі радасці і смутку.
Нарадзілася Зінаіда Кунцэвіч (у дзявоцтве) у 1926 годзе ў вёсцы Кузьмічы Ваўкавыскага раёна ў вялікай і дружнай сям’і, у якой гадавалася сямёра дзетак. Закончыла пачатковую школу ў Дзявяткаўцах і 5-ы клас Вярэйкаўскай школы, калі пачалася вайна.
У час нямецкай акупацыі фашыстаў у самой іх вёсцы не было, яны прызначылі солтыса і толькі часамі наязджалі. Але страх у мясцовых людзей перад чужынцамі быў вялікі. Бо ніколі не ведаеш, што ад іх чакаць.
У вёсцы Кузьмічы моладзі было нямнога, таму на прымусовыя работы ўзялі толькі дваіх — Зінаіду і яшчэ аднаго хлопца – Мішу Базарскага.
Прывезлі іх цягніком да горада Цільзіта, потым на станцыю прыехалі немцы, якія выбіралі сабе работнікаў. Зінаіду ўзяў нямецкі баўэр (фермер) Франц Клінгер. На фурманцы ён прывёз дзяўчыну ў сваю вёску Шарэн, гэта былы раён Гайдэкруг ва Усходняй Прусіі. Зінаіда даглядала кароў, іх у немца было сем, трэба было іх падаіць, затым адвезці на калясцы малако ў бідонах на здачу. А каровы давалі малака многа, кожная па вядру, а то і больш. Даводзілася дзяўчыне глядзець і за гаспадарскімі дзецьмі, іх было чацвёра ў сям’і.
На сваіх гаспадароў Зінаіда Раманаўна не скардзіцца, вядома, праца была цяжкай, гора на чужбіне яна паспытала нямала, але самі гаспадары не крыўдзілі, кармілі. На гаспадарцы ў іх працаваў яшчэ адзін работнік – хлопец з Польшчы. А вось па суседству жыла іншая сям’я, дык іх работнікі нацярпеліся, вельмі дрэннае стаўленне было да іх у немцаў.
У Германію Зінаіда Раманаўна была вывезена амаль у канцы вайны – у маі 1944 года, таму на чужбіне яна была не вельмі доўга: восенню ўжо стаў набліжацца фронт, пачалася эвакуацыю мясцовых немцаў, і яе гаспадары сабраліся выязджаць, работнікаў ужо з сабою не бралі.
— Гаспадыня сабрала мае рэчы ў чамадан, палажыла на памяць фарфоравую талерку, кубак, аддала пашпарт і сказала, што мне трэба цяпер ісці капаць акопы, бо мяне запісалі туды, — расказвае Зінаіда Раманаўна. — Яна вывела мяне на дарогу, паказала накірунак і пайшла, а я засталася, заліваючыся слязьмі. Я вельмі баялася ісці на акопы, вядома, колькі яшчэ сіл у дзяўчыны, а там немцы прымушалі вельмі цяжка працаваць, білі тых, хто не спраўляўся.
На маё шчасце, па дарозе ехала фурманка, я падняла руку і спыніла яе. На фурманцы сядзеў пажылы немец і полька, якая спытала, куды мне трэба. Я сходу прыдумала, што гаспадар адправіў мяне ў іншую мясцовасць пасвіць каровы і папрасіла падвезці да бліжэйшага горада. Па дарозе немец прапанаваў мне застацца ў сваіх знаёмых, якім патрэбна была работніца. Я з радасцю згадзілася. Але калі новы гаспадар пайшоў мяне рэгістраваць, то ва ўпраўленні сказалі, што я запісана ісці капаць акопы і мне трэба туды. Я ўжо думала, што не мінаваць мне гэтай цяжкай долі, але, як кажуць, свет не без добрых людзей. На гэты раз мне дапамог паляк Генік, які перагаварыў са сваёй гаспадыняй, якая вырашыла гэту справу і пакінула мяне працаваць на сваёй гаспадарцы.

1946 год, Зінаіда разам  з братам Пятром
1946 год, Зінаіда разам
з братам Пятром

Праўда, доўга я там таксама не набыла, фронт ужо набліжаўся, пачаліся бамбёжкі, гаспадарам было не да нас, яны выязджалі. Нас, вывезеных работнікаў, засталося некалькі – хлопцы і дзяўчаты, мы хаваліся па хлявах, лясах, даводзілася начаваць і ў лесе на снезе, бо быў якраз студзень 1945 года. Аднойчы ноччу мы пачулі рускія галасы, раніцай выйшлі з лесу і ўбачылі савецкіх салдат. Афіцэры прапанавалі нам з яшчэ адной дзяўчынай ісці працаваць у ваенны шпіталь санітаркамі. Нам гэта было за радасць, бо гэта ўжо вызваленне, а побач — свае, родныя людзі.
У ваенным шпіталі Зінаіда Раманаўна працавала цэлы год, спачатку на лініі фронту, а потым шпіталь адышоў у тыл, вайна закончылася для яе ва Украіне, у студзені 1946 года.
— Праца ў шпіталі была цяжкай і фізічна, і псіхалагічна, — уздыхае мая субяседніца. — Мы працавалі суткамі, але нават калі дзяжурства закончваецца, трошкі паспіш і зноў у шпіталь, дапамагаць другім. Бо як можна адпачываць, калі параненыя плачуць, просяць “сястрычка, напішы пісьмо”, да кожнага трэба падысці, падаць каму вады, каму судна, каму руку падняць ці нагу, бо ўсе ляжачыя былі.
У студзені 1946 года Зінаіда Раманаўна вярнулася дамоў у Кузьмічы. Год яна дапамагала бацьку прымаць малако і вазіла яго возам у Шылавічы. А потым суседка пазнаёміла яе з краўчыхай з Ваўкавыска, бо дзяўчына любіла шыць і хацела навучыцца гэтаму.
Проста так вучыцца не было магчымасці, бо трэба было дзесьці працаваць, і Зінаіда трапіла зноў у ваенны шпіталь, цяпер ужо ў Ваўкавыску, да 1949 года яшчэ працавала там і ў вольны час вучылася кройцы.
Кройка і шыццё было яе любімай справай, праз гэты занятак Зінаіда Раманаўна пазнаёмілася і са сваім будучым мужам – Канстанцінам Марцулём з Эймінаўцаў, які таксама быў краўцом. Прычым, краўцом вядомым, ён быў загадчыкам швейнай майстэрні ў Эймінаўцах. У гэтай майстэрні потым працавала і Зінаіда Раманаўна, многім людзям шыла яна адзенне.
Разам з Канстанцінам Фадзеевічам яны пражылі ў каханні і згодзе сорак восем гадоў, выгадавалі сына і дзвюх дачок. У 1997 годзе мужа не стала, а праз год яшчэ адна страшная трагедыя напаткала Зінаіду Раманаўну – памёр 47-гадовы сын Сяргей. Гэта незагойная рана на сэрцы маці, і сёння яна не можа гаварыць аб гэтым без слёз.
Але жыццё ідзе, падраслі ўжо ўнукі і праўнукі – у Зінаіды Раманаўны пяць унучак і пяць праўнукаў. Яны прыносяць радасць у жыццё бабулі, цешаць сваёй дзіцячай непасрэднасцю.
За плячыма ў Зінаіды Марцуль амаль дзевяноста гадоў.
— Але яны праляцелі так хутка, што здаецца як і не было зусім, — гаворыць мая субяседніца. – Каб муж быў жывы яшчэ, дык хоць пажылі б у радасць. Дом у нас у Эймінаўцах вялікі, прыгожы, адной даглядаць яго цяжка, дачка Зоя цяпер дапамагае падтрымліваць тут парадак, часамі і я да яе ў Вялікую Бераставіцу прыязджаю пагасціць. Цяпер жыццё добрае, але страшна, калі бачыш, што робіцца ў свеце. Не дай Бог яшчэ адну вайну перажыць, паверце, тыя, хто гэта на сабе паспытаў, ніколі не забудуць яе жахаў і нікому такога не пажадаюць…
Ірына Міклаш, фота аўтара
і з архіва Зінаіды Марцуль



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *