Пароль неўміручасці – мова. У Малабераставіцкай сярэдняй школе адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

Лента новостей

Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Адзін з накірункаў работы настаўнікаў-моваведаў у нашай школе – папулярызацыя роднай беларускай мовы. З гэтай мэтай кожны год праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. “Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор – мова” -менавіта пад такім дэвізам 21 лютага прайшоў Дзень роднай мовы. А што можна паспець усяго за адзін дзень? Але калі ўкласці душу ў мерапрыемства, то і адзін дзень можна пакінуць добрыя ўражанні. У правядзенні Дня роднай мовы прынялі ўдзел усе настаўнікі, а таксама вучні 1–11 класаў. План мерапрыемстваў быў складзены і абмеркаваны задоўга да мерапрыемства. Акцыя “Прывітайся па-беларуску” пачалася з самага ранку 21 лютага. Група вучняў з кожным, каго сустракала раніцай на парозе школы, віталася па-беларуску: добры дзень, вітаю, прывітанне. Словы прывітання гучалі на працягу ўсяго дня, а пасля школьных заняткаў прыемна было чуць, што вучні і развітваюцца па-беларуску: усяго найлепшага, да пабачэння, сустрэнемся заўтра. У кожным класе на першым уроку вучнямі 5 класа была праведзена паэтычная хвілінка, у час якой гучалі лепшыя вершаваныя творы беларускіх аўтараў, прысвечаныя роднай мове. Гучалі радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі, Алеся Разанава, Уладзіміра Караткевіча, Пятруся Броўкі, Віктара Шведа.

 У фае школы была аформлена інфармацыйная прастора і абсталявана спецыяльная “бяспечная паліца”. На працягу ўсяго дня на перапынках вучні мелі магчымасць пазнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў. Многія вучні выказалі жаданне ўзяць кнігу дадому і дачытаць. Настаўнікі пачатковай школы падрыхтавалі займальную класную гадзіну-турнір “Знаўцы беларускай мовы”. У час правядзення турніру вучні адгадвалі загадкі і рэбусы, складалі прыказкі. Удзельнікі мерапрыемства праявілі зайздросную актыўнасць і знаходлівасць. Вучні 6 класа правялі рухомыя перапынкі для дзяцей пачатковай школы, у час якіх пачаткоўцы мелі магчымасць пагуляць у беларускія нацыянальныя гульні “Замарожаныя”, “Ручаёк”, “Прычапі хвост”.

У час правядзення лінейкі, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, аркушы ў форме кляновых лісцяў, якія сімвалізуюць абрысы нашай краіны, разляцеліся па ўсіх класах, і кожны вучань мог напісаць сваё любімае беларускае слова. Напрыканцы дня ў школе з’явілася незвычайнае моўнае дрэва беларускае. На лістках былі напісаны знаёмыя з дзяцінства і прыемныя слыху словы: матуля, Радзіма, сонейка, вясёлка, жыццё, бацькі, Айчына, крыніца, Бацькаўшчына… А для самых маленькіх беларусаў, вучняў 1-га класа, якія наведваюць групу падоўжанага дня, у гэты дзень быў арганізаваны прагляд мультыплікацыйных фільмаў на беларускай мове “Піліпка”, “Як Несцерка скарб шукаў”, “ Свіння Пэпі”. Вучні 5-11 класаў мелі магчымасць прыняць удзел у рэспубліканскім конкурсе “Буслік-2019”. Дзень для вучняў быў па-сапраўднаму насычаным і пазнавальным.

Жанна Козел, настаўніца Малабераставіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *