Падорым дзецям свята

Лента новостей

Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі дзіцячы фонд” створана ў 1988 годзе. Галоўная задача Фонду – абараняць правы дзяцей, аказваць ім матэрыяльную, гуманітарную, медыцынскую, юрыдычную і іншую дапамогу. Фонд памагае дзецям-сіротам і дзецям, якія знаходзяцца пад апекай, з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, інвалідам, хворым дзецям, маленькім ахвярам аварыі на ЧАЭС, адораным дзецям. Ва ўсіх абласных гарадах створаны абласныя, а ў раённых цэнтрах і гарадах – раённыя і гарадскія аддзяленні Дзіцячага фонду, уся дзейнасць якіх ажыццяўляецца валанцёрамі.
— Яны пракладваюць сцяжынкі міласэрнасці і дапамогі сем’ям і дзецям, якія трапілі ў бяду, — кажа галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Вольга Расціславаўна Гутавец.
Праводзіцца шмат дабрачынных акцый: “Цёплы дом”, “Дзіцячае сэрца”, “Вясёлка надзеі”, “Нашы сэрцы – хворым дзеям” і іншыя.
— Апошняя, названая Вамі, — гэта ж калядная акцыя?
— Так, з 1996-га года яна падтрымана ўрадам краіны і праходзіць як усебеларуская акцыя “Нашы дзеці”. Штогод цэлы месяц напярэдадні каляд супрацоўнікі і валанцёры Фонду наведваюць хворых дзяцей у рэабілітацыйных цэнтрах, клініках, бальніцах. Навагодняя казка павінна прыйсці да кожнага дзіцяці, а тым больш – да хворага.
Свята адчуюць усе маленькія пацыенты і нашай раённай бальніцы. Бо ўжо даўно стала добрай традыцыяй наведванне іх Дзедам Марозам і Снягуркай, уручэнне падарункаў, якія ўжо другі год рыхтуе раённая арганізацыя ГА «Белая Русь».
— Што яшчэ ўключае ў сябе калядная акцыя “Нашы дзеці”?
— Многа карысных і цікавых, перш за ўсё дабрачынных, мерапрыемстваў. Напрыклад, цяпер праходзіць рэспубліканскі конкурс “Дзеці пішуць для дзяцей”. Удзельнічаюць у ім інваліды, сіроты. Кожная з дзіцячых работ па-свойму цудоўная, заслугоўвае ўвагі.
Усё больш працоўных калектываў, прадпрымальнікаў уключаюцца сёння ў акцыю “Партнёрства дзеля міласэрнасці”. Яе мэта – дапамагчы канкрэтнай сям’і, якая мае ў гэтым патрэбу, выхаванцам дзіцячага прытулку.
— Заўважу, для калектыву нашай рэдакцыі ўжо стала традыцыяй радаваць хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячага сацыяльнага прытулку ў Малой Бераставіцы пераднавагоднімі падарункамі. Не выключэнне і сёлетні год.
— Я ведаю. Такое партнёрства – гэта проста цудоўна. Хачу запрасіць жыхароў раёна прыняць удзел і ў акцыі “Сям’я – сям’і”. Праз наша раённае аддзяленне Фонду, або непасрэдна, можна перадаць вопратку, абутак, цацкі – як новыя, так і тыя, што былі ва ўжытку, але маюць добры выгляд. Так што звяртаюся да кіраўнікоў усіх арганізацый, устаноў, сельгаскааператываў, прадпрыемстваў выступіць з такой ініцыятывай.
Ва ўстановах адукацыі, у рамках валанцёрскага руху, па традыцыі ў снежні праводзяцца “Кірмашы продажу”, у час якіх дзеці рэалізуюць свае вырабы, а сабраныя сродкі ідуць на дабрачыннасць. У выніку такой акцыі радасць адчуваюць усе – і валанцёры, якія чыняць міласэрнасць, і дзеці, якім яна адрасавана.
Хачу напомніць дабрачынныя рахункі раённага і абласнога аддзяленняў Дзіцячага фонду, на якія можна пералічыць сабраныя грошы:
1. Раённае аддзяленне : орган опеки отдела образования, счет №3642511000651 ЦБУ №401 г.п.Берестовица, ф-л №400 ГОУ ОАО АСБ «Беларусбанк», МФО 152101752 УНП 500014913. Назначение платежа: благотворительный фонд помощи детям, органу опеки.
2. Абласное аддзяленне: через любые отделения банка: счет 3015204550021 в головном филиале по Гродненской области ОАО «Белинвестбанк», код 705, УНН фонда 500176223.
Гутарыла Марыя ДРАПЕЗА



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *