Здаецца, ці ёсць праца цяжэйшая, чым у аграрным сектары? Часта няўдзячная, з аглядкай на “капрызы надвор’я”, калі нябесная канцылярыя знянацку можа ўнесці “свае карэктывы”, і чаканага выніку проста не ўдаецца дабіцца? А ў жывёлагадоўлі? Наўрад ці і там лягчэй. Думаю, што са мной згодзіцца кожны чалавек з вясковымі каранямі, які зведаў на сабе, як даецца там хлеб.
У СВК “Макараўцы” шмат працавітых людзей. Пра аднаго такога чалавека, “ад зямлі”, сапраўднага непрыкметнага героя, я і хачу сёння расказаць. Ведаю яго не першы год, часта прыходзілася сустракаць яго падчас паездак у гаспадарку і на апрацоўцы глебы, і на сяўбе, і на жніве. Яго хвалілі за тое, што перавыконвае норму, любую работу выконвае як мага лепш. А яшчэ ўражвала яго сціпласць, пра сябе гаварыў ён неахвотна, лічачы, што нічога асаблівага не робіць, проста выконвае свае абавязкі.
Мне цікава было даведацца, што Уладзіслаў Капіца з мясцовай вёсачкі Одла – дзявятае дзіця ў сям’і звычайных тутэйшых сялян. Бацька яго быў трактарыст, мама – заслужаная калгасніца, працавала на цялятніку, даяркай. Каб пракарміць і паставіць на ногі столькі дзяцей, вывесці іх у людзі, трымалі вялікую гаспадарку. Яны і зараз трымаюць жывёлу, нягледзячы на сталы ўзрост, жадаюць дапамагчы ўнукам. Калі Уладзіслаў нарадзіўся, старэйшай яго сястры было 14 гадоў, а ўсяго ў сям’і было 6 дачок і тры сыны. Лічу, што гэта і ёсць ранейшая традыцыйная беларуская сям’я, дзе “адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”. Раней так і выжывалі, згодна з прыказкай, што “пруток зламаеш, а венік не”.
Паколькі часта сёння чуем, што дзеці не мірацца паміж сабой, спыталася ва Уладзіслава і я, як яны жылі ў дзяцінстве, ці дружна? На дзіва, адказ быў такі:
— Вельмі дружна. Не біліся і не сварыліся, не было калі. Змалку дапамагалі бацькам, работы было шмат.
— Ну а матэрыяльна як? Бацькі ж не маглі даць вам тое, што ў сем’ях, дзе адно або двое дзяцей?
— Канешне. Матэрыяльна вельмі сціпла жылі, многага не хапала…
Але дзяцінства запомнілася як шчаслівая пара – у вялікай сям’і панавала згода, узаемападтрымка і любоў. Нічога асаблівага, як сёння (камп’ютары, мабільнікі) і не хацелася, ды іх тады і не было. Але гулялі ў звычайныя дзіцячыя гульні – футбол, хованкі. А цікавы выпадак запомніўся такі. Тады механізатарам дазвалялі ставіць тэхніку каля дома. Бацька ж браў Уладзіка часта з сабой. Адзін раз спахапіліся бацькі ўжо вечарам – няма дзіцяці. Шукалі, шукалі, вельмі непакоіліся. А аказалася, што хлопчык залез у трактар і заснуў там. Было смеху…
А падлеткам Уладзіслаў ужо і дапамагаў бацьку рамантаваць гэты самы трактар. Калі закончыў школу, адслужыў у арміі, пытанне выбару прафесіі для яго не стаяла. Стаў механізатарам, дарэчы, як і яшчэ яго адзін родны брат.
Зараз ва Уладзіслава ў самога ўжо двое дзяцей – пагодкі, сын таксама Уладзіслаў і дачка Насця. Бацька для іх – вялікі аўтарытэт. Механізатар атрымаў вышэйшую адукацыю, вывучыўся завочна на агранома. Уступныя экзамены здаў вельмі добра. У гэтай спецыяльнасці быў не навічок, шмат чаго ўжо ведаў. Кажа, што вучыцца было цікава. Схватваў усё, як кажуць, “на ляту”. У перспектыве, магчыма, будзе працаваць па спецыяльнасці. А пакуль што задаволены тым, што ёсць. Пры належнай якасці работы аплата добрая. А яшчэ ёсць нямала – багаты вопыт, старанне, павага ад людзей. І паважаюць яго не толькі таму, што работнік выдатны, але яшчэ і вельмі добры сем’янін. Памятаючы сваё дзяцінства, хоча, каб у дзяцей усё было – усе сучасныя даброты. І не толькі пра матэрыяльны бок клапоціцца, а як бы ні стаміўся на працы, пацікавіцца ў дзяцей як справы. Уладзік любіць займацца камп’ютарам, Настачка маляваннем, лепкай. Можна сказаць, пашанцавала дзецям, што ў іх такі бацька. Сям’я дружная, моцная. А з жонкай Алесяй, юрыстам па адукацыі, пазнаёміўся калісьці Уладзіслаў як раз на Дзень закаханых. Таму, можа, і спадарожнічае ім гэтае светлае пачуццё ўсё іх сямейнае жыццё.
Пагаварыўшы з гэтымі людзьмі, я падумала: дай Бог кожнай жанчыне такога мужа, а дзецям бацьку, чалавека працавітага і добрага…
Ніна Наддэ