Амерыканскі фермер Р. Гарст лічыў кукурузу царыцай палёў, галоўнай культурай для жывёлагадоўлі як у выглядзе сіласу, так і ў выглядзе зерня. З ім згаджаўся і былы лідар СССР Мікіта Хрушчоў. Сёння ж значнасць гэтай культуры відавочная і бясспрэчная.
Па словах галоўнага агранома РУСП “Масаляны” Сяргея Калесніка, аптымальны тэрмін уборкі кукурузы на сілас прыпадае на фазу малочна-васковай спеласці, калі ўтрыманне сухога рэчыва ў пачатках складае прыкладна 55 працэнтаў. У сельгаспрадпрыемстве пад пасевы збожжавай і кармавой культуры адведзена 458 гектараў, з якіх на сілас прыпадае 328, а на зерне – 130. Зараз вядзецца ўборка кукурузы на сілас. На 28 верасня ўжо было скошана 95 гектараў, што складае 21 працэнт ад агульнай плошчы, адведзенай пад гэтую культуру.
— Уборку кукурузы мы пачалі яшчэ 12 верасня, — дадае Сяргей Канстанцінавіч. – У гэтым годзе па плане нам неабходна нарыхтаваць 11945 тон зялёнай масы, на дадзены момант маем 3857 тон. Зараз вызваляем найбольш складаныя ўчасткі, якія ў выпадку неспрыяльных прыродных умоў стануць непраходнымі для тэхнікі. Да таго ж дажджы адмоўна паўплываюць як на якасць прадукту, так і на яго ўраджайнасць.
Дарэчы, трэба адзначыць, што ў РУСП “Масаляны” трэці паказчык у раёне па ўраджайнасці кукурузы. Яна складае 406 цэнтнераў з гектара і ў параўнанні з мінулым годам вышэйшая на 36 ц/га. Сельгаспрадпрыемства саступае толькі КСУП “Варанецкі” і СВП “АграМір”, дзе накосы з гектара складаюць 482 ц і 433 ц адпаведна.
Як дадае Сяргей Калеснік, перад закладкай у сіласныя сховішчы да зялёнай масы дабаўляецца біялагічны кансервант Сілас F-18. У выніку такі корм можа захоўвацца нават на працягу некалькіх гадоў.
У любым выпадку сіласная яма павінна быць запоўнена добра падрыхтаванай зялёнай масай. Для таго каб кансервацыя прайшла максімальна паспяхова – без страты кормам пажыўнасці, кукурузу неабходна правільна здрабніць (памер кавалачкаў павінен складаць прыкладна 3-5 см). Для гэтых мэт на ўборцы кукурузы у сельгаспрадпрыемстве задзейнічана два кормаўборачныя камбайны КВК-800 і восем адзінак тэхнікі на адвозцы. Трамбоўку ж сіласу на Амкадоры ажыццяўляе Уладзімір Кулевіч.
Хуткім і прадуктыўным тэмпам уборкі ў апошнія дні паспрыяла ўсталяваўшаеся нарэшце сонечнае сухое надвор’е. Да прыкладу, толькі ў мінулы чацвер з палеткаў было вывезена звыш 600 тон здробненай масы. Праца спорыцца, а гэта не можа не цешыць.
Пажыўны, карысны, да таго ж недарагі і ўніверсальны корм – сілас – неблагая альтэрнатыва свежай траве. Ён цалкам задавальняе энергетычны рацыён буйной рагатай жывёлы, вось толькі як гэта адбіваецца на прадукцыйнасці, пытанне ўжо іншае…
Вольга ЗАЕНЧКОЎСКАЯ,
фота аўтара