На малочнатаварным комплексе “Валотынь” у СВК імя Варанецкага ўсё малако здаецца гатункам “экстра”

Лента новостей

IMG_5819Не толькі традыцыйны “вал”, але і далейшае павышэнне якасці малака пастаянна ў полі зроку нашых аграрыяў. Вытворчасць высакаякаснай сыравіны вельмі выгадная, гэта “жывыя грошы”. Безумоўна, даецца яна нялёгка. На днях я пабывала на малочнатаварным комплексе “Валотынь” у СВК імя Варанецкага і пагутарыла з людзьмі, якія там працуюць.
Новы прыгожы жывёлагадоўчы аб’ект бачны здалёк. Ужо па яго сучасным выглядзе і дагледжанай тэрыторыі можна меркаваць, што аграрыі тут дарма часу не страчваюць. Як паведамілі ў гэтай гаспадарцы, з 21 сакавіка ўсё малако на малочнатаварным комплексе “Валотынь” здаецца гатункам “экстра”, што вельмі радуе. Тут наладжана сучасная эфектыўная вытворчасць запатрабаванай сыравіны.
Наша кароткая гутарка з аператарам машыннага даення Галінай Багданавай выдалася вельмі цікавай. Яна развеяла ўсе сумненні наконт таго, што такі занятак вельмі цяжкі. Калі зазірнуць у глыб дзесяцігоддзяў, і асабліва ў мінулы век, безумоўна, раней так і было. Але зараз на дапамогу чалавеку прыйшлі прагрэс і сучасныя эфектыўныя тэхналогіі. Большую колькасць кароў абслугоўвае менш аператараў машыннага даення, таму выдаткі зніжаюцца. Першая дойка пачынаецца на малочнатаварным комплексе “Валотынь”, калі іншыя людзі яшчэ соладка спяць. Галіна прыступае да работы ў 4 гадзіны 30 мінут. Спецадзенне на кожную дойку аператарамі апранаецца чыстае, так патрабуюць сучасныя тэхналогіі. Санітарыя вельмі важная для папярэджання захворванняў кароў. Калі аператар машыннага даення заўважыла бруд на вымені карміцелькі, дык абавязкова абмывае яго. Першыя пырскі малака сцэджваюцца ў спецыяльны кубак, і ўжо па віду сыравіны можна вызначыць, ці здаровая карова. Для апрацоўкі саскоў перад даеннем прымяняецца адмысловая пенка, затым яе выціраюць аднаразовай сурвэткай. А пасля даення выкарыстоўваецца эфектыўны сродак, каб не дапусціць інфекцыю ў вымя. У даільнай зале дояцца адначасова 36 кароў. На кожную патрабуецца некалькі хвілін. Наранку рагулі даюць больш малака. Ёсць тут і сапраўдныя малочныя рэкардсменкі. Высокаўдойныя каровы даюць па 38, па 40 і нават па 45 кілаграмаў малака. Калі раптам такая карміцелька дала яго менш, высвятляецца прычына. Сярэднесутачны надой на карову тут – 22,8 кілаграма малака.
Ад добрасумленнасці аператара залежыць многае. Але вытворчасць малака “экстра”, як гаворыць Галіна, гэта дастойны вынік стараннай зладжанай работы ўсяго калектыву. Усе састаўныя часткі тут важныя – і збалансаванае кармленне, і добры догляд, і IMG_5825належнае ветэрынарнае абслугоўванне.
Ці цяжка жанчыне так рана ўставаць? Галіна гаворыць, што ўжо прывыкла. А праводзіць яна на нагах за дзве дойкі больш за 7 гадзін. Стомленасці асаблівай аператар машыннага даення таксама не адчувае, таму што працуе ў дружнай моцнай камандзе. Вельмі радуе яе, што калектыву ўдалося ўзяць такую вышыню – усё малако здаваць гатункам “экстра”. А ў вольны час дома яна любіць шыць, вышываць, вязаць. Галіна добрая гаспадыня і мама – у яе трое дзяцей.
Слесар па абслугоўванню малочнага абсталявання Алег Гарбацюк таксама старанна выконвае свае абавязкі. Ён задаволены, што на комплексе зручнае аўтаматычнае абсталяванне, якое добра служыць. Асноўная функцыя слесара – пільна кантраляваць вытворчы працэс, сачыць за захаваннем тэхналогій. Слесару падабаецца яго работа, ён задаволены, што працуе на такім сучасным вытворчым аб’екце.
Добрае ўражанне на мяне аказала і тое, што нашы аграрыі зараз, незалежна ад узросту, людзі сапраўды сучасныя. Два маіх цікавых субяседнікі, якія працуюць з належнай аддачай, расказалі мне, што цікавяцца Інтэрнэтам і самай рознабаковай інфармацыяй. Яны павышаюць свой узровень, ідуць у нагу з часам. У век тэхналогій сціраецца мяжа паміж горадам і вёскай.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *