Штогод вучні і настаўнікі сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны прымаюць удзел у рэспубліканскім Тыдні лесу. І гэты год не выключэнне. 5 красавіка ва ўстанове адукацыі быў дадзены старт экамарафону “На “зялёнай хвалі”, які прысвечаны Году народнага адзінства і аднаўленню лясных масіваў.
На працягу тыдня валанцерскія атрады, а таксама работнікі ўстановы адукацыі аказвалі дапамогу Бераставіцкаму і Свслацкаму лясніцтвам ў пасадцы дрэў. Рукамі дзяцей і дарослых пасаджана не адна сотня елак і бяроз. Валанцёры адзначаюць, што адчуваюць асаблівае хваляванне ад разумення таго, што ўсяго праз некалькі гадоў, гэтыя маленькія дрэўцы ператворацца ў вялікі прыгожы лес.
Дзякуючы сонечнаму і цёпламу надвор’ю ўдзельнікі акцыі не толькі ўнеслі свой уклад у паляпшэнне экалогіі малой радзімы, але і адпачылі на свежым паветры, атрымалі зарад бадзёрасці, змаглі пачаставацца гарачымі бутэрбродамі, прыгатаванымі на агні.
У ходзе экамарафону ў нашай установе адукацыі запланавана шмат мерапрыемстваў. Так, напрыклад, у шосты школьны дзень цімураўцы адправяцца ў экалагічны патруль “Чысты лес пачынаецца з цябе”, дадзены старт акцыіі “Здай макулатуру – зберажы дрэва”.
Мерапрыемствы экалагічнай накіраванасці прадоўжацца і далей, але ўжо ў межах Тыдню экалогіі, які пачнецца 20 красавіка і будзе прысвечаны 35-годдзю з дня Чарнобыльскай катастрофы.
Таццяна ПАЛАНЕЙЧЫК, намеснік дырэктара па выхаваўчае рабоце сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны