“Мэта – інтэнсіфікаваць вытворчасць”

Лента новостей

На пяцігодку ў рэспубліцы пастаўлена важная задача – зрабіць значны рывок у эканоміцы. Гэта дапаможа нам наблізіцца да еўрапейскіх краін, павысіць узровень жыцця людзей. У Беларусі створаны роўныя ўмовы для прадстаўнікоў розных форм уласнасці. Кожны вытворца можа праявіць ініцыятыву і актыўнасць, накіраваную на рэальны вынік. 2011 год у рэспубліцы аб’яўлены Годам прадпрымальнасці. Гэта прыцягне ўвагу да важных задач у эканоміцы краіны, паслужыць стымуляванню дзелавой ініцыятывы. Адкрываем у “Бераставіцкай газеце” новую рубрыку “Год прадпрымальнасці”, пад якой будзем публікаваць матэрыялы, прысвечаныя ініцыятыўным і энергічным людзям, якія сваімі справамі ўносяць уклад у развіццё раёна, а таксама – цікавым праектам.
З пастаянным ростам насельніцтва на планеце ўзрастае патрэба ў прадуктах харчавання. І ў 21 стагоддзі ў многіх краінах Афрыкі яшчэ пануе голад. Наша краіна не толькі забяспечвае прадуктамі харчавання ўласнае насельніцтва, але і зарабляе на іх экспарце вялікія грошы. Каб мець трывалы прыбытак у сённяшніх умовах, трэба рабіць стаўку на сучасныя тэхналогіі і інтэнсіфікаваць вытворчасць. У нашым раёне ўкараняецца перадавы вопыт. У гаспадарках стараюцца мадэрнізаваць вытворчасць і мець ад гэтага добрую аддачу.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” прадпрымаюцца канкрэтныя крокі па вываду вытворчасці ялавічыны на новы ўзровень і інтэнсіфікацыі вытворчасці малака на прамысловай аснове. Каб павялічыць пагалоўе і закрыць старую ферму, будуецца новы цялятнік каля малочнатаварнай фермы “Малая Бераставіца”. Ужо шмат зроблена. Будаўніцтва вя-дзецца хуткімі тэмпамі. Яно стала магчымым дзякуючы Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №480 ад 14 верасня 2010 года “Аб некаторых пытаннях развіцця малочнай галіны”. Адразу, калі гэты дакумент уступіў у сілу, у СВК “Малабераставіцкі элітгас” зацікавіліся такой выдатнай магчымасцю. Мэтай такой падтрымкі дзяржавы аграрыям ставіцца забеспячэнне вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі. Крэдыт даецца пад паўтара працэнта і на 9 гадоў, што вельмі выгадна. Старшыня СВК “Малабераставіцкі элітгас” А. П. Коханаў выкарыстаў шанц пабудаваць новы будынак для павелічэння пагалоўя і нарошчвання выпуску жывёлагадоўчай прадукцыі.
— Наша мэта – праявіць ініцыятыву, інтэнсіфікаваць вытворчасць, зрабіць рывок, — гаворыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Алег Карпач. – Пакуль што на старой ферме “Вайцехаўшчына” жывёла на дарошчванні ўтрымліваецца па ўстарэлых тэхналогіях. Клеткі малыя, раздача кармоў і выдаленне адыходаў робіцца ўручную. Там працуе пяць чалавек. Калі жывёла перавядзецца ў новы цялятнік, дзякуючы сучасным тэхналогіям і механізацыі, абслугоўваць яе будзе адзін работнік. Знізяцца выдаткі, што дасць значную эканомію. У новым цялятніку будуць утрымлівацца 200 цялушак узростам ад 6 да 12 месяцаў.
Калектыў малочнатаварнай фермы “Малая Бераставіца” працуе стабільна. Яму пад сілу новыя здабыткі. За мінулы год надой на карову тут быў 7167 кілаграмаў, па гаспадарцы 6744. Калі параўноўваць гэтыя паказчыкі з карцінай па вобласці і рэспубліцы, відавочна, што гаспадарка моцная. За студзень гэтага года надой на карову склаў 630 кілаграмаў (плюс 13), па сельгаскааператыву – 583 (плюс 19). Па гаспадарцы мінулагодні выхад цялят – 92,6, па гэтай ферме – 95. Усяго тут паўтары тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Загадчыца Алеся Жук стараецца, каб вытворчы працэс удасканальваўся і вынікі радавалі.
Вопытныя работнікі “падстаўляюць плячо” адзін аднаму. Яны разумеюць важнасць ўкладу кожнага чалавека ў агульную справу.
Шмат залежыць і ад таго, які пачатак пакладзены здароўю цялят. Цялятніца Ларыса Віцецкая працуе ўжо 15 гадоў. Жывёлу яна любіць. Выпойвае цялятам малодзіва, каб моцнай была імунная сістэма, добра іх даглядае. Для цялят тут ёсць 40 індывідуальных домікаў.
Больш двух дзесяткаў гадоў аддаў сваёй рабоце старшы ветурач-гінеколаг Канстанцін Рагалевіч. Разам з галоўным ветурачом Міхаілам Болбатам яны стараюцца ўмацаваць здароўе жывёлы, каб гаспадарка і далей паляпшала свае пазіцыі.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *