Мова народа – яго люстэрка, гонар, сумленне

Лента новостей

За гэтымі словамі – гісторыя беларускага народа, нашай нацыянальнай культуры. Родная мова, прайшоўшы цярністы і складаны, супярэчлівы і драматычны шлях, выжыла. А дапамаглі ў гэтай высакароднай справе нам такія вядомыя імёны нашай беларускай літаратуры, як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч. Сёння нельга не ўспомніць словамі шчырай любві і ўдзячнасці Янку Купалу і Якуба Коласа, Цётку і Максіма Багдановіча. Яны неслі свайму народу “агонь душы і сэрца жар”, хацелі бачыць свой народ разняволеным, мову свабоднай, а літаратуру раўнапраўнай у сям’і іншых славянскіх і сусветных літаратур. І таму яшчэ ў больш яркім арэоле павінен паўстаць для нас іх подзвіг і подзвіг усіх тых, хто ішоў з імі.
Мова народа – яго люстэрка, гонар, сумленне. Кнігі, напісаныя на роднай мове, дапамагаюць нам стаць лепшымі, вы-браць правільную дарогу ў жыцці. І той, хто любіць і шануе яе, па-сапраўднаму любіць сваю Радзіму, свой край. Адметнай з’явай у прозе сталі і вялікую прыцягальную сілу маюць для нас, напрыклад, аповесці Васіля Быкава. Маральныя патрабаванні, якія пісьменнік ставіць да чалавека ў сваіх творах, надзённыя і ў сучасным грамадстве. Вельмі актуальныя сёння і гістарычныя творы Уладзіміра Караткевіча, у якіх гучыць тэма барацьбы народа за свае існаванне, за адраджэнне культуры беларусаў, якія абуджаюць у чытачоў нацыянальную самасвядомасць. Яны пашыраюць наш кругагляд, часам мяняюць нашы ўяўленні пра Белую Русь – “зямлю пад белымі крыламі”.
Удумліва і пераканаўча гучыць матчына мова ў паэзіі Максіма Танка, Ніла Гілевіча, Сяргея Грахоўскага, Юрася Свіркі. Наша зямля багатая на таленавітых людзей, якімі ганарыцца беларускі народ. Я з задавальненнем чытаю вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна і многіх іншых. Яны могуць развесяліць, прымусіць задумацца, дапамогуць адказаць на жыццёва важныя пытанні… Яны так прыгожа малююць словам вобразы, выяўляюць свае пачуцці і настроі.
Я не здзівіўся, што такую мову
Я змог адразу сэрцам
зразумець.
Я прагна слухаў трапяткое
слова,
Я навучыўся размаўляць і пець.
Так пранікнёна піша Анатоль Канапелька пра родную мову. З родным словам мы сустракаемся, пачынаючы з дзіцячых кніжак, якія нам чытала ў маленстве маці, і на старонках паэм, апавяданняў, раманаў, якія для нас сталі добрымі сябрамі, разумнымі настаўнікамі і дарадцамі. Мне таксама падабаюцца байкі Кандрата Крапівы, драматычныя творы Андрэя Макаёнка, вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна.
Я люблю паэзію Рыгора Барадуліна. Сваім паэтычным словам змагаецца паэт за абуджэнне нацыянальнай свядомасці, усталяванне пачуцця самакаштоўнасці, бо ў нас, беларусаў, багатая спадчына, мы павінны верыць у сваю будучыню.
Добрая кніга для мяне як свята. Нямала я іх ужо прачытала, і пра іх можна казаць бясконца. Але лепш за нашага славутага земляка Францішка Скарыну не скажаш пра яе: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”. Хтосьці з паэтаў трапна параўноўваў літары з зярнятамі. Як зярняты, пасеяныя ў добрую глебу, даюць багаты ўраджай, так літары, складзеныя ў словы, “пасеяныя” ў добрай кнізе, абуджаюць у душы людской самыя высокія пачуцці і памкненні.
На маю думку, узровень культуры чалавека трэба вызначаць не па тых замежных мовах, якімі ён валодае, а перш за ўсе па яго адносінах да сваёй роднай мовы.
Нас, беларусаў, у свеце ведаюць дзякуючы Янку Купалу (нездарма ж помнік яму ёсць і ў ЗША), Якубу Коласу (яго “Новую зямлю” любяць і ў Англіі), Васілю Быкаву (пісьменніку, якога больш за ўсіх чытаюць з беларусаў), Уладзіміру Караткевічу (першаму гістарычнаму аўтару)… Гэты спіс можна доўжыць. Па іх творах, па іх кнігах свет ведае, якія мы. Гэта сляды, пакінутыя кнігамі.
Сёння існуе мноства сродкаў інфармацыі: інтэрнэт, тэлебачанне, відэа, кіно, тэатры. Яны адцягнулі ўвагу ад кнігі. А кнігам неабходны “шчырыя сэрцы і вочы, людзей трапяткая любоў”, і тады яны жывуць, вучаць, змагаюцца, становяцца бясцэнным дарам, які не заменіць ні тэлевізар, ні кіно. Якая гэта асалода: сесці вечарам ва ўтульнае крэсла, узяць томік любімых вершаў – і забыць пра ўсе. Толькі ты і кніга. Таму і не перастаю дзівіцца мудрасці продкаў, якія стварылі паперу (малайцы, кітайцы!), стварылі азбуку (нізкі паклон Кірыле і Мяфодзію!) і вынайшлі кнігадрукаванне (слава Іагану Гутэнбергу!). Спрадвеку кніга гадуе чалавека.
Валянціна Болдак,
жыхарка г.п.В.Бераставіца



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *