24 мая чацвёрты адкрыты раённы фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі – 2014” у чарговы раз сабраў на бераставіцкай зямлі прыхільнікаў і майстроў паэтычнага слова.
Сёлета ён быў прысвечаны 175-годдзю з дня нараджэння славутага польскага пісьменніка, публіцыста, педагога Адольфа Дыгасіньскага, які ў 1897 – 1898 гадах знаходзіўся ў Масалянах і напісаў тут сваю лепшую аповесць “Заяц” і некалькі навэл. Менавіта з прадстаўлення творчасці гэтага вядомага чалавека і яго сувязі з Масалянамі пачаўся фестываль. Настаўнікі і вучні Масалянскага ясляў-сада-базавай школы падрыхтавалі для гасцей фестывалю прэзентацыю “Масаляны і Адольф Дыгасіньскі” і тэатралізаваную пастаноўку яго казкі “Аб зайчыку справядлівым”.
Затым мерапрыемства працягнулася ў сельскім Доме культуры. Удзельнікі фестывалю наведалі выставы карцін бераставіцкіх мастакоў. У прыватнасці, выкладчык Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Андрэй Втарушын прадставіў тэматычную выставу сваіх акварэльных работ “Мелодыя дарог”, а настаўнікі Малабераставіцкай сярэдняй школы Артур і Наталля Мядзелкі – сумесную выставу карцін “Натхненне”.
Акрамя гэтага ўвазе ўдзельнікаў фестывалю былі прапанаваны выставы фотаработ “Родныя краявіды” і паэтычных зборнікаў, выдадзеных бераставіцкімі і гродзенскімі паэтамі, а вучні Вялікабераставіцкай сярэдняй школы выступілі перад прысутнымі са стэндавым дакладам “Залатое пяро Бераставіччыны”.
Затым з тэатральнай кампазіцыі памяці Адольфа Дыгасіньскага пачалася літаратурна-музычная частка фестывалю “Паэзія — госця нябесная”.
Першымі прадставілі свае творы юныя паэты Бераставіччыны. Масалянскі фестываль стаў літаратурным дэбютам для Вольгі Асошнік (Кватарскі яслі-сад-БШ), Уладзіслава Лысевіча (Пархімаўская БШ), Надзеі Лазарчык (Старадварэцкі яслі-сад-БШ), Паліны Козел (Масалянскі яслі сад-БШ), Анастасіі Касінай (Канюхоўскі яслі-сад-СШ), Валерыі Шалеснай (Алекшыцкая СШ), Інесы Ігнатовіч (Макараўскі яслі-сад-СШ), Яна Пясецкага (Паплаўскі яслі-сад-БШ), Вольгі Кузьма (Малабераставіцкая СШ), Юліі Рыжэўскай (Вялікабераставіцкай СШ), Кацярыны Мармыш (гімназія аг.Пагранічны) і Веранікі Станеўскай (Вялікаэйсмантаўская СШ). Шчырыя і пранікнёныя радкі юных паэтаў выклікалі дружныя апладысменты прысутных, а ганаровыя пасведчанні ўдзельнікаў фестывалю школьнікам уручылі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Буткевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Пісарык і старшыня Гродзенскага аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч.
Затым перанялі паэтычную эстафету і прачыталі свае вершы госці фестывалю — дэлегацыя Гродзенскага аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, члены паэтычнага аб’яднання “Надзея” г.Гродна, Ваўкавыскага літаратурнага аб’яднання “Муза”. Творчая суполка Бераставіцкага раёна таксама парадавала аўдыторыю ў зале сваімі паэтычнымі радкамі. У прыватнасці, дэкламавалі новыя вершы Мікалай Пацэнка, Святлана Пракопік, Яўгенія Дзяжко, Ганна Геда, падняў настрой сваёй байкай Канстанцін Богуш.
Паэтычныя старонкі фестывалю чаргаваліся з музычнымі нумарамі, якія падрыхавалі работнікі раённага Дома культуры, узнёслы настрой ствараў і эстрадны ансамбль узорнага духавога аркестра “Tutti” Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, які выступаў перад пачаткам мерапрыемства.
Наогул, творчая сустрэча аматараў паэзіі прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы, за гэта нямала слоў удзячнасці прагучала ў адрас арганізатараў фестывалю, а імі выступалі аддзел адукацыі, спорту і турызму і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама РУСП “Масаляны”, якое аказала фінансавую падтрымку мерапрыемству.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара