Мерапрыемствы краязнаўчай накіраванасці, якія праводзяцца ў філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка” для падрастаючага пакалення, маюць на мэце пашырэнне ведаў дзяцей пра гістарычную спадчыну беларускага народа, выхаванне патрыятызму, пачуцця гонару і паважлівых адносінаў да Радзімы.
Прыклад гэтаму – краязнаўчая гульня- падарожжа пад назвай “Маленькім беларусам пра любую Беларусь”.
Разам з чароўнай Феяй, якая выбірала сабе краіну, каб на будучыя сто гадоў аберагаць і ахоўваць яе, дзеці адправіліся ў віртуальнае падарожжа па Беларусі. Яны ўбачылі ўсю прыгажосць нашага краю і ўпэўніліся, што нам ёсць чым ганарыцца.
Галоўнае, што было падкрэслена, гэта добразычлівыя адносіны беларускага народа да іншых народаў і нацыянальнасцей, якія жывуць побач.
Юныя чытачы прынялі ўдзел у віктарыне “Што вырабляюць нашы прадпрыемствы?”, рашалі крыжаванку, чыталі вершы пра Беларусь і Вялікую Бераставіцу. З аповяду бібліятэкара Зоі Хлебнікавай даведаліся, хто такія Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, Янка Купала і Якуб Колас.
Цікавасць у школьнікаў выклікала таксама завочная экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, на завод БЕЛАЗ, у Белавежскую пушчу.
Акрамя гэтага, адбылася прэзентацыя кніжнай выставы “Адзінства народа – мір і згода”, прысвечанай Году народнага адзінства, на якой літратура прадстаўлена ў падраздзелах “Гонар і талент твой, Гродна”, “Зямля бераставіцкая, бацькоўскі дом”, “Турыстычнымі маршрутамі Гродзенскай вобласці”.
Напрыканцы мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі станцавалі флэшмоб, прысвечаны любай Беларусі.
Святлана Ганчарова