Дзень настаўніка – цудоўнае свята, гэта дзень, у які гучыць шмат цёплых, душэўных слоў падзякі і павагі, квітнеюць прыгожыя букеты, адкрываюцца новыя таленты і загараюцца іскрынкі ў вачах маладых педагогаў. Быць настаўнікам няпроста. Гэта прызванне, гэта лёс. Творчы шлях педагага часта цярністы і звіліты. Але як прыемна атрымліваць словы шчырай падзякі ад дзяцей, бачыць іх зацікаўленыя вочы, удзячную ўсмешку на твары!
Цёпла, ад усёй душы віншавалі сваіх настаўнікаў вучні Кватарскага ясляў-сада — базавай школы. 3 кастрычніка ў нашай школе прэзентавалася яркая віншавальная праграма пад дэвізам “Усміхніся шчыра, наш настаўнік”. Прыемна здзівілі сваіх педагогаў дзеці, якія прыйшлі ў школу за паўгадзіны да заняткаў, каб уручыць настаўнікам, якія ўваходзілі ў школу, кветкі. На працягу дня таксама гучалі шчырыя віншаванні. Урокі былі традыцыйныя, а вось перапынкі запомняцца ўсім сваёй незвычайнасцю. За час перапынкаў навучэнцы правялі пяць конкурсных праграм. На перапынку “Нашы віншаванні” настаўнікі пачулі шмат цёплых слоў падзякі; ад душы пасмяяліся, пазнаўшы сябе ў шоу пазітыўнай пародыі “Адзін у адзін”; атрымалі асалоду, праслухаўшы любімыя песні на перапынку “Музыка для ўсіх”; паглыбілі ўзровень сваіх ведаў, адказваючы на пытанні ў гумарыстычным інтэрв’ю. А аб выніках дня даведаліся на святочнай лінейцы, дзе таксама гучалі словы падзякі, былі кветкі і падарункі, зробленыя рукамі дзяцей. Свята застанецца ў душы настаўнікаў цёплым успамінам.
Шчыры дзякуй вам, дзеці!
Інеса Сайко, намеснік дырэктара Кватарскага
ясляў-сада-базавай школы