“Камбайны просяцца ў поле…”

Лента новостей

IMG_6383Раённая камісія праверыла гатоўнасць тэхнікі да жніва ў гаспадарках Бераставіччыны. Рыхтаваліся да гэтага загадзя. У СВК імя Варанецкага 6 ліпеня прайшоў тэхагляд камбайнаў, усе 10 адзінак тут у спраўным стане. На машынным двары можна было палюбавацца на магутную вытворчую тэхніку, якая сапраўды радавала вока. Начальнік раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Анатоль Станкевіч сказаў вобразна:
— Камбайны просяцца ў поле…
Усе магутныя машыны дапушчаны да жніва. Іх падрыхтоўка адпавядае строгім патрабаванням. Камісія праверыла спраўнасць тэхнікі, гукавую і светлавую сігналізацыю, наяўнасць супрацьпажарнага інвентару. Па выніках праверкі складзены адпаведны акт. У камбайнераў ёсць медыцынскія даведкі на годнасць да кіравання трактарам і камбайнам і допуск да работ. Іх забяспечылі належным спецадзеннем.
У сельгаскааператыве гавораць, што вострых праблем з рамонтам не было, хаця запчасткі, безумоўна, зараз каштуюць вельмі дорага.
Галоўны інжынер гаспадаркі Юзэф Гардзей задаволены сваім дружным калектывам. Напрыклад, самыя добрыя словы ён сказаў у адрас механізатара Івана Радзюкевіча. Гэта мясцовы жыхар, яго працоўны стаж пачаў свой адлік у 1989 годзе. На ўборцы камбайнер ужо больш за 10 сезонаў. Спачатку ён малаціў на “Ніве” і “Доне”, зараз выязджае ў залатое поле на сучасным высокапрадукцыйным “Лексіёне-580”. Працаваць на ім – адно задавальненне, і не горача, і музыку нават пры жаданні можна паслухаць. Ды і больш надзейны гэты “жалезны сябар”, убірае хутка, а прапушчальная здольнасць яго таксама намнога большая, чым у ранейшай тэхнікі.
Настрой у людзей бадзёры. Кожны год “бітва за ўраджай” дае працаўнікам вялікае маральнае задавальненне.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *