Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 сакавіка наведаў гандлёва-забаўляльны цэнтр «Экспабел» і сустрэўся з прадпрымальнікамі. Кіраўнік дзяржавы таксама правёў нараду па пытаннях рэгулявання і развіцця асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці.
Лукашэнка занепакоены сітуацыяй у легпраме з-за няроўных умоў работы ў параўнанні з ІП
Прэзідэнт паразмаўляў з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і ў гутарцы з імі выказаў заклапочанасць тым, што фактычна знікае лёгкая прамысловасць, у тым ліку з-за таго, што прадукцыя, якая ёю вырабляецца, менш канкурэнтаздольная ў параўнанні з таварамі, якія індывідуальныя прадпрымальнікі прывозяць з-за мяжы і прадаюць у Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў размове з ІП хоча знайсці кампраміс паміж іх інтарэсамі, інтарэсамі тых, хто прадастаўляе ім гандлёвыя плошчы, а таксама людзей, занятых у лёгкай прамысловасці. Адной з праблем, якую кіраўнік дзяржавы абмяркоўваў з прадстаўнікамі прадпрымальніцтва, стала наяўнасць астаткаў несертыфікаваных тавараў, што не ўдалося рэалізаваць да 1 сакавіка 2015 года, а таксама немагчымасць атрымаць у прадаўцоў у Расіі неабходныя дакументы. «Як быць з тым, што я практычна ўзаконіў кантрабанду? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — У вас няма сертыфікатаў якасці, у вас няма празрыстага бізнесу». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён разумее, што праблема наяўнасці сертыфікатаў якасці не першарадная. «Мяне больш за ўсё хвалюе, што мы як дзяржава страчваем нармальны празрысты бізнес і забіваем сваю вытворчасць — гэта недапушчальна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Бізнес павінен быць празрыстым і дзяржаўны і прыватны. Мы павінны стварыць усім аднолькавыя ўмовы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Прэзідэнт запатрабаваў стварыць на аптовых базах асартымент не горшы, чым на маскоўскіх рынках
Выслухаўшы прапановы прадпрымальнікаў, Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова, пацікавіўся, ці магчыма стварыць на аптовых базах Беларусі асартымент, які быў бы не горшы, чым на маскоўскіх рынках. Паводле слоў Андрэя Кабякова, гэта магчыма, але будуць узнікаць пэўныя складанасці. «Вы гэта зробіце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І калі толькі яны (прадпрымальнікі. — Заўвага БелТА) скажуць, што там не будзе нейкіх шлёпанцаў або красовак, то вы за гэта адкажаце».
Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што гэта не было зроблена раней. «Гэта не справа, што мы дамовіліся і гэта не зроблена дагэтуль», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт даручыў Міністэрству гандлю і прэм’ер-міністру асабіста стварыць аптовыя базы, на якіх будзе прадстаўлены тавар не толькі беларускіх вытворцаў. Кантроль за гэтым будзе ажыццяўляць кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец. «Трэба іх ствараць, каб індывідуальны прадпрымальнік не сказаў, што акрамя Расіі ім няма дзе ўзяць тавар. А сапраўды ж няма дзе цяпер узяць. Я вас прасіў стварыць аптовыя беларускія рынкі, падобныя да Чаркізаўскага, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вы паляціце, па дакументах купіце там тавар, прывезяце сюды, мы будзем бачыць цану, увядзём такія падаткі, каб яны былі ў аднолькавых умовах, можа, крыху меншыя. Вось і ўсё.
БелТА