Знайшоў сябе ў прафесіі

Лента новостей

IMG_3439Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Такая народная прымаўка вельмі трапна характарызуе вялікую кагорту людзей, якія сваім высокім прафесіяналізмам зробяць гонар любой прафесіі і месцу. Нямала такіх умелых працаўнікоў з “залатымі рукамі” ў камунальным вытворчым унітарным прадпрыемстве “Бераставіцкая сельгастэхніка”. На працягу шэрагу гадоў яно цесна супрацоўнічае з гаспадаркамі раёна, аказвае разнастайныя запатрабаваныя паслугі. Напрыклад, нядаўна вадзіцелі дапамагалі гаспадаркам раёна на ўборцы рапсу, адвозілі гэтую каштоўную культуру з палёў. Бераставіцкая сельгастэхніка прадстаўляе і сховішчы пад яе, што вельмі зручна для сельгаскааператываў, супрацоўнічае з фірмамі. А восенню пачнецца новы сезон па ўборцы і адвозцы цукровых буракоў па буракапрыёмны пункт. У гэта вадзіцелі прадпрыемства таксама ўносяць свой немалы ўклад. Незаменныя працаўнікі сельгастэхнікі і на мантажы абсталявання на малочнатаварных комплексах сельгаскааператываў.
Варта адзначыць, што за першае паўгоддзе гэтага года аб’ём вытворчасці ў КВУП “Бераставіцкая сельгастэхніка” ўзрос на 22 працэнты ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. Значна ўзрос тут чысты прыбытак, што ўмацоўвае дабрабыт прадпрыемства. У сённяшніх няпростых умовах трымацца “на плыву” вельмі няпроста, таму асаблівая ўвага надаецца менавіта якасці работ. Пра акцэнт на якасць і пра прафесійнае майстэрства мне і давялося пагутарыць з чала­векам, якога тут называюць “майстар з залатымі рукамі”.
Слесар-мантажнік Сяргей Майсак – чалавек мясцовы, родам з Малой Бераставіцы. Як і многія вясковыя юнакі, тэхніку палюбіў з дзяцінства. Уражвалі яго магутныя камбайны, увішныя трактары і машыны. Ужо ў школе ён зразумеў, якая важная работа ў аграрным сектары, таму што без хлеба і малака, сельгаспрадукцыі краіна проста “не можа жыць”, гэта тая першааснова, на якой грунтуецца ўсё астатняе. Без ваганняў юнак паступіў у Жыровіцкі сельгастэхнікум, вывучыўся на механіка. Там атрымаў ён неабходныя навыкі, зрабіў першыя крокі ў любімую прафесію. Работа з разнастайнай тэхнікай яму па душы. Тут патрэбна кемлівасць і дасціпнасць, таму што любая тэхніка любіць клапатлівыя добрыя рукі. Нават грузавы аўтамабіль, быццам жывая істота, можа “паводзіць сябе” зусім па-рознаму ў руках розных людзей. Пра гэта мне не аднойчы даводзілася чуць ад вопытных вадзіцеляў. Ды і век любой тэхнікі залежыць у многім ад карыстальніка. У добрых руках і “старажылы” верна служаць…
А работа з металам, здаецца мне, не менш складаная, чым работа вадзіцеля, трактарыста. У любой галіне важна быць прафесіяналам. Сяргей Аляксандравіч выдатна паказвае сябе на мантажы абсталявання для малочнатаварных комплексаў.
Стойлавае абсталяванне для малочнатаварнага комплексу “Валотынь” СВК імя Варанецкага вырабляецца з прывезенага металу ў сельгастэхніцы, фарбуецца і ўстанаўліваецца на жывёлагадоўчым аб’екце. Усе металічныя канструкцыі выхо­дзяць у майстра “адна ў адну”, вокам нават не адрозніць. Багаты вопыт работы дапамагае Сяргею праяўляць тут сапраўднае майстэрства. Давялося пачуць ад вопытнага слесара-мантажніка і такое меркаванне, што пры такой рабоце патрэбна вялікая ўвага, пільнасць і строгае захаванне тэхнікі бяспекі. Тут немагчыма “расслабіцца”, дайсці да некаторага аўтаматызму, бо нягледзячы на знешнюю прастату, адзін няўдалы рух можа сапсаваць цэлую гадзіну напружанай працы.
Са шчырай павагай гавораць пра Сяргея Майсака яго калегі. Ён заўсёды прыйдзе на дапамогу, а таксама ахвотна дзеліцца сваім багатым вопытам з маладымі. Вядома, надзённы хлеб яго нялёгкі, але дае чалавеку маральнае задавальненне. А гэта нават больш важна, чым высокая зарплата. Калі чалавек “выкладваецца”, стараецца зрабіць сваю работу бездакорна, дык нягледзячы на стомленасць, ідзе ён потым дадому з прыемным пачуццём у душы, усведамленнем, што дзень яго прайшоў нездарма. А гэта заўсёды “дарагога каштуе”, дзе б кожны з нас не працаваў.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *