Удалым выдаўся мінулы год для Бераставіцкай птушкафабрыкі. Камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскага аблвыканкама прысудзіў першае месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці галіны жывёлагадоўлі гэтай сельгасарганізацыі. Ад адной нясушкі летась атрымлівалі прыкладна 270 яек, гэта вельмі добры паказчык у параўнанні з іншымі птушкафабрыкамі рэспублікі. А чысты прыбытак тут склаў за год 195 тысяч рублёў, што на 45 тысяч рублёў больш, чым у 2015 годзе. У Расійскую Федэрацыю прадалі 8107 тысяч штук яек. Бераставіцкая прадукцыя ідзе таксама ў Мінскую, Віцебскую, Брэсцкую і нашу вобласць. А выручка за мінулы год дасягнула 5143 тысяч рублёў, што на 12 працэнтаў больш, чым у 2015 годзе. Калектыў стараецца, а ўсяго на птушкафабрыцы працуе зараз 90 чалавек.
На гэты год тут пастаўлена задача – і далей працаваць з прыбыткам. Гэта рэальная задача пры захаванні сучасных тэхналогій і прадуманым гаспадаранні. Валавая вытворчасць яек павінна дасягнуць 38900 тысяч штук.
У гарадскім пасёлку Бераставіца людзі ахвотна наведваюць магазін птушкафабрыкі. Выручка за мінулы год тут склала 5143 тысячы рублёў, на 12 працэнтаў больш, чым у 2015 годзе. У магазіне ветлівыя і ўвішныя прадаўцы, добры асартымент прадукцыі, прыдатныя цэны. Вельмі добра, што гандлёвая кропка размяшчаецца ў цэнтры пасёлка, і многія людзі могуць наведаць яе, калі ідуць з працы дамоў. На яйкі цана невялікая ў параўнанні з каўбасамі або мясам. А карысць ад яек вялікая. Гэта бялковая і вітамінная прадукцыя адначасова. Курыны бялок выдатна засвойваецца арганізмам. А жаўток у кампактным выглядзе захоўвае цэлую скарбонку карысных рэчываў. Напрыклад, вітамін Д2 вельмі патрэбен чалавеку ў зімовы перыяд, калі надвор’е пахмурнае, а сонечных дзён значна менш, чым летам. Гэты вітамін аберагае дзяцей і дарослых “ад ста хвароб”, і ў дадатак нават і ад дэпрэсіі або проста дрэннага настрою. Колькі можна ўжываць яек у дзень ці тыдзень, адназначна сказаць нельга, бо ёсць шмат пунктаў погляду ўрачоў і дыетолагаў. Калі ўзнікаюць пытанні, можна параіцца з доктарам, але скажу па сабе – яйкі купляю часта, як і многія іншыя мясцовыя гаспадыні. Вельмі зручна, што і гатаваць іх хутка. А страў з імі можна прыдумаць шмат. Калі б яйкі раптам зніклі, кулінарных цудаў стала б значна менш.
Ці ахвотна ўжываюць уласную прадукцыю працаўнікі птушкафабрыкі? Ні воднага адмоўнага адказу на такое пытанне я там не пачула. Людзі вельмі задаволены, што і ім добра, і іх землякам вялікая карысць ад іх руплівай працы.
Ніна Наддэ