— Вайна мне так далася ў памяць, што хіба і на тым свеце буду помніць яе жахі, — уздыхае Марыя Станкевіч, жыхарка Вялікай Бераставіцы. – Столькі гадоў ужо прайшло, а я і сёння не магу без слёз успамінаць тыя часы…
Я завітала да Марыі Іванаўны напярэдадні сумнай даты – 80-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У далёкім 1941 годзе ёй было толькі пяць гадоў, але ў яе дзіцячую памяць назаўсёды ўрэзаліся ваенныя падзеі, якія ёй давялося перажыць не толькі на захопленай ворагам роднай зямлі, але і вывезенай далёка за яе межы, у чужой Германіі.
— Нарадзілася я ў 1936 годзе ў Карэліцкім раёне, у вёсцы Кайшоўка, — пачынае свой успамін Марыя Іванаўна. – У маіх бацькоў, акрамя мяне, было яшчэ двое старэйшых дзяцей: сястра Еўдакія, 1932 года нараджэння і брат Саша, 1934 года нараджэння. Вёска наша была вялікая, цягнулася на тры кіламетры, і дамы ў два рады стаялі, людзей многа там жыло. Я помню, што ў той дзень, калі пачалася вайна, мы з дзецьмі гулялі на вуліцы, а дарослыя, як звычайна, былі занятыя сваімі справамі. Раптам людзі з вёскі сталі збягацца на вуліцу, крычалі: “Вайна! Вайна!”, некаторыя жанчыны плакалі. Мы, дзеці, не маглі зразумець, што адбываецца, не ведалі, што такое вайна, але здагадваліся, што гэта нешта страшнае, раз людзі плачуць.
А потым праз нашу вёску адступалі савецкія салдаты, ішлі галодныя, людзі выносілі ім паесці, хто што меў. Я запомніла адзін момант на ўсё жыццё: мне мама дала буханку хлеба, а сама несла нешта другое. Мы стаялі ў варотах, і адзін маладзенькі салдат падышоў да мяне, узяў хлеб, пацалаваў мяне і стаў так плакаць! Гэта засталося ў маёй памяці, але ж я дзіця малое яшчэ была, не разумела, чаго ён плача, пытаю ў мамы: “Чаго ён так плача? Што ў яго баліць?” А мама кажа: “Дачушка, душа ў яго баліць…” Гэта цяпер я магу здагадацца, што адчуваў той салдат, калі браў хлеб з рук дзіцяці, якое павінен быў абараняць ад ворага, а ён вымушаны сам адступаць… Ды і не ўсе з іх паспелі адступіць, не было куды, бо немцы набліжаліся вельмі хутка. Многія салдаты сталі заставацца па вёсках, дапамагалі людзям па гаспадарцы, хтосьці з іх быў краўцом, хтосьці абутак умеў рамантаваць, так і жылі з працы сваіх рук, а людзі іх кармілі.
А потым даволі хутка і немцы надышлі. Прыехалі на матацыклах, гул стаяў вялікі, на ўсю вёску, але ў нас яны не затрымаліся, размяшчаліся ў Карэлічах, толькі наязджалі час ад часу. Першае, што яны зрабілі, гэта адразу забралі і расстралялі калгасных актывістаў: старшыню калгаса, брыгадзіраў, канторскіх работнікаў. Цяпер я разумею, што іх нехта здаў са сваіх, відаць, былі здраднікі сярод мясцовых, бо адкуль немцы ведалі б тых актывістаў, а выпадковых людзей яны не чапалі. А яшчэ немцы салдат лавілі, якія заставаліся ў вёсках. Памятаю, адзін з тых салдат быў у нас, рамантаваў чаравікі, а брат мой прыбег з вёскі і крычыць: “Тато! Немцы прыехалі, салдатаў забіраюць!” А гэты салдацік збялеў і адразу як кінуўся бегчы — у нас побач з домам рэчка была і мосцік праз яе, дык вось ён выбег з хаты і адразу пад гэты мост схаваўся. Каго паспелі, немцы схапілі, астатнія разбегліся па лясах, сталі партызаніць. А потым, калі моладзь сталі вывозіць у Германію, дык многія таксама ўцякалі ў партызаны, у Налібоцкую пушчу. Дарэчы, з нашай вёскі ніхто ў паліцаі не пайшоў, а ў партызаны — многія. Старэйшыя людзі, такія як мой бацька, часта былі сувязнымі з партызанскімі атрадамі. За гэта нашу вёску немцы вельмі не любілі. Бывае, як прыедуць, то спаляць чыю хату, ці заб’юць каго. Аднойчы, памятаю, прыехалі, зачынілі адну сям’ю ў хаце і падпалілі, сын хацеў праз акно выскачыць, дык куля яго дагнала. Людзі ўсе збегліся, жанчын немцы не рушылі, а мужчын, якія падбеглі, таксама хапалі і ў агонь кідалі. Я запомніла, што стаяў мужчына з дзяўчынкай гадоў чатырох на руках, дык немцы вырвалі ад яго дзіця, яго самога кінулі ў агонь, а яшчэ і рагаталі. І сёння кроў стыне ад таго відовішча.
Яшчэ не забуду, як на Саракі, а гэта было 22 сакавіка, прыехалі немцы, сабралі ўсю вёску, пераважна жанчын і дзяцей, бо мужчын мала было, яны хаваліся па лясах, сталі вакол нас з аўтаматамі. Не памятаю дакладна, колькі часу мы так стаялі, гадзіну ці больш, але немцы сказалі, што калі за гэты час хоць адзін стрэл ад партызан пачуюць, дык усім нам адразу смерць. Не ведаю, можа, хто шчаслівы з нас быў, але стрэлаў у лесе не было чуваць у той дзень, так нас потым і адпусцілі…
Марыя Іванаўна расказвае, што спачатку ў Германію вывозілі толькі моладзь, а потым сталі забіраць цэлымі сем’ямі. У чэрвені 1944 года дайшла чарга і да іх сям’і.
— Немцы зайшлі ў хату з нейкім спісам, удакладнілі наша прозвішча і сказалі адразу збірацца, — працягвае свой аповед жанчына. — Яны пачакалі, каб бацькі сабралі самае неабходнае, і адразу вывелі нас на вуліцу, пасадзілі на падводы. Можа, з паў-вёскі тады забралі. На вазах нас павезлі ў Навагрудак, гэта 35 кіламетраў ад нашай вёскі, а немцы на матацыклах з кулямётамі нас суправаджалі. У Навагрудку загналі нас у нейкую канюшню, там вельмі многа было саломы, мы на ёй палеглі, і колькі часу там былі, дакладна не скажу. Потым нас пагрузілі ў вагоны і павезлі ў Германію. Колькі часу ехалі, таксама не памятаю, мне тады здавалася, што цэлую вечнасць. Вельмі горача было, піць хацелася, а вады не было. Дзеці крычалі немым голасам, а ніхто кубка вады не даў. Калі прыехалі на месца, нас адразу павезлі ў баню, а там вада з хлорам. Дзеці кінуліся да той вады, бацькі не даюць піць, бо гэта ж атрута, а дзеці не слухаюць. Калі памылі, прывезлі нас на нейкую пляцоўку і сталі размяркоўваць па гаспадарах. Мужчын паставілі ў адзін шэраг, жанчын — у другі, а дзяцей асобна. А дзеці як дзеці, большыя разумець, а малыя не, кідаюцца да бацькоў. Немцы спачатку крычалі, каб усе стаялі на месцах, а потым пачалі страляць па дзецях. Не магу нават гаварыць, страшна ўспомніць, як дзеці параненыя і забітыя валяліся на зямлі, — жанчына выцірае набегшыя раптоўна слёзы.
— Бацька прасіў, каб нас усёй сям’ёй адзін баўэр забраў, але так не дазволілі, — працягвае Марыя Іванаўна. — Маю сястру ўзялі ў адну сям’ю, мяне з мамай — у другую, а бацька з братам апынуўся ў трэцяй сям’і.
Мы з мамай трапілі адразу да немкі, мужа якой забілі на вайне, дык яна была вельмі злая на рускіх, здзекавалася з нас, і маму біла, і мяне, і есці слаба давала. Гаспадаркі ў баўэраў былі вялікія, па 30-40 кароў, а кароўнікі размяшчаліся пад дамамі, як цяпер гаражы. Дык вось работнікам трэба было карміць, даіць кароў. Я малая была, дык курэй карміла і дзяцей яе глядзела, двое іх у яе было. А дзеці таксама нас не любілі, кідаюць у мяне чым папала, бывала, і камень возьмуць, а немка ніколі не сказала, што так рабіць нельга.
Праўда, мы там доўга не былі, нас забралі ад яе і перавялі да іншага немца. Ён быў інвалід, у першую сусветную вайну паабмарожваў ногі, хадзіў слаба, сам нагнуцца не мог. Жонка яго памерла, сына забілі на вайне, потым і нявестка памерла. У яго працаваў яшчэ рускі хлопец Міша. Маме там прыйшлося быць поўнай гаспадыняй, і есці варыць на ўсіх, і гаспадарку глядзець. Я дапамагала гаспадару ўстаць, абуцца, заслаць ложак, у баню вадзіла. Не ведаю, ці гэта патрэба яго прымусіла, ці ён па характару быў добры, але да нас адносіўся намнога лепш. Елі мы разам з ім за адным сталом, не крыўдзіў нас. Помню, што Манглі Піндэ яго звалі, а вёска тая Купінген называлася. Ля дома нашага гаспадара была нямецкая ўправа, наверсе ў ёй была турма, у ёй акно з кратамі, там трымалі работнікаў, якія чымсьці правініліся, і іх там не кармілі. Вечарам усе хлопцы збіраліся ў нашага гаспадара, бо ён нікога не ганяў, прыносілі хто што меў з ежы. У тым пакоі, дзе трымалі вязняў, быў схованы шнурок, які потым апускалі, а я была сувязной, брала ката і бегла туды з катом нібыта гуляць. Калі я бягу, значыць, шнур апускаецца, я хуценька прывязваю торбачку з ежай і яе падымаюць.
Мая сястра 12 гадоў тады мела, але сама ўжо даіла 30 кароў. Бывае, яшчэ адлупіць яе гаспадыня, прыйдзе яна да мамы, паплача і ідзе назад.
У нашага гаспадара было 25 кароў, мама іх даіла ўручную, надойвала 4 бітоны, а я іх потым везла на малаказавод на калясцы. Там рускія хлопцы выбегуць, здымуць іх з каляскі, бо я сама не давала рады. Яшчэ цеста вазіла на хлебапякарню, мама яго мясіла, а там хлеб пяклі. Помню, там немка працавала, яна да мяне вельмі добра адносілася, шкадавала, бывае, абдыме мяне, вынесе хлеба белага, каб я з’ела. Я яе ўсё жыццё ўспамінаю і думаю, каб давялося мне ў дарослым жыцці з ёй сустрэцца, я б яе даглядала, як родную маці.
У канцы сакавіка 1945 года праз нашу вёску сталі гнаць палонных у Бухенвальд, да яго было ад нас недалёка, казалі, што за дзве гадзіны можна пешшу зайсці. Страшна было глядзець на гэтых палонных — галодныя, знясіленыя, яны проста чакалі на смерць. Аднойчы ішоў гэты атрад палонных, а яму насустрач ехаў адзін наш работнік, вёз буракі кармавыя ў скрыні на ферму, дык палонныя напалі на гэтыя буракі, немцы не могуць адагнаць, было гэта як раз насупраць нашай хаты. Тады хлопец узяў і вывернуў гэтую скрыню палонным пад ногі, буракі рассыпаліся, а палонныя кінуліся за імі. Праз імгненне там ніводнага бурачка не засталося! Ды што бурачка, нават ні храшчыка, ні карэньчыка не засталося, толькі пясок. Я ведаю, бо сама падмятала за імі…
Калі наблізіўся фронт, нас сталі таксама збіраць, каб направіць у душагубку ў Бухенвальд. Гэта было 11 красавіка, я гэты дзень на ўсё жыццё запомніла. Гаспадар кажа маме: “Пакінь сваіх дзяўчат са мной, яны светленькія, можа, прымуць за немак, выжывуць”. А мама не ведае, што рабіць: і пакінуць страшна, і весці на згубу не хочацца. Як сёння помню, абняла яна нас з сястрой і кажа: “Дочачкі, выбірайце самі, што вы выбераце, тое і будзе!” Мы не сталі раздумваць і сказалі: “Мы пойдзем разам з вамі!”
Ішлі мы пехатою, у суправаджэнні немцаў. На паў-дарозе ім паведамілі, што Бухенвальд занялі французы. Канваіры кінулі нас і сталі разбягацца, а людзі стаялі і не ведалі, што рабіць далей. Потым нехта прыйшоў і сказаў нам, каб вярталіся назад да сваіх гаспадароў.
Хутка фронт наблізіўся да нашай вёскі, разы тры Купінген пераходзіў то да немцаў, то да французаў. Калі ў апошні раз немцы адбілі вёску, то многія хлопцы кінуліся хавацца ў полі, мы таксама сям’ёй вышлі з вёскі, але бацька нас вярнуў і схаваў за сцяной дома. Немцы з кулямётаў як далі чэргі па тым полі, дык і палажылі амаль усіх, што выбег туды. Ляжалі яны там, як снапочкі, потым пахавалі ўсіх у адной магіле, калі праз дзень вёску вызвалілі французы.
Пакуль вайна не закончылася, мы заставаліся ў гаспадароў, а пасля нас забралі французы ў лагер, які размяшчаўся на былой фабрыцы адзення. Жылі ў дамах рабочых, кармілі нас добра, дзецям давалі нават падарункі. А дадому адправіць нас не было як, бо дарогі разбамбілі, таму дзесьці да кастрычніка мы там заставаліся. Калі дарогі трохі адрамантавалі, нас пагрузілі на адкрытыя грузавыя машыны і павезлі так да Баранавіч. А адтуль мы ўжо сваім ходам дадому дабіраліся, яшчэ 50 кіламетраў было адтуль да нашай вёскі. А мама мая на тыф захварэла ў дарозе, дык мы яе увесь час хавалі, каб не знялі з машыны. Добра, што ўсе людзі з нашай вёскі ехалі на той машыне, не выдалі яе. І дзякуй Богу, ніхто не заразіўся, і яна паправілася.
Марыя Станкевіч гаворыць, што першыя пасляваенныя гады былі вельмі цяжкія – і не даядалі, і не дасыпалі, шмат працавалі, але паціху жыццё наладжвалася.
Яна закончыла сем класаў у мясцовай школе, а каб далей вучыцца, трэба было ехаць у горад, здымаць кватэру, а за што здымаць, калі ў хаце пустата? Таму дзяўчына пайшла працаваць у калгас, работы ўсім хапала тады, нават дзецям. Так у калгасе і адпрацавала ўсё жыццё.
У 1959 годзе Марыя Іванаўна выйшла замуж, з мужам жылі добра, але нядоўга. У 1960 годзе ў іх нарадзілася дачка Галіна, а ў 1962 – Наталля. У малодшай дачкі развіўся менінгіт, яна ўсе свае 38 гадоў і пражыла паралізаваная. А муж Марыі Іванаўны ў 1970 годзе трагічна загінуў, пакінуўшы яе адну з малымі дзецьмі, адна з якіх была інвалідам, так і засталася жанчына ўдавой на ўсё жыццё.
Старэйшая дачка Марыі Іванаўны Галіна адвучылася і прыехала на працу ў Вялікую Бераставіцу, выйшла тут замуж і прыжылася. Праз некаторы час забрала да сябе і маці з сястрой, так Марыя Іванаўна апынулася на Бераставіччыне. Жыве тут яна ўжо з 1998 года, Бераставіцу палюбіла і зраднілася з ёй. Малодшую дачку пахавала ў 2000 годзе, жыве цяпер з Галінай і яе сям’ёй, мае дваіх ўнукаў і траіх праўнукаў.
— Бывае, стану ўспамінаць сваё жыццё, дык праўнучка кажа: “Бабуля, ты такія жахі расказваеш!”, — уздыхае Марыя Іванаўна. – А гэта ж усё мяне асабіста напаткала. Многа ўсяго перажыла ў жыцці, але колькі памятую, ніколі лепш не было, як цяпер. Я і ўнукам, і праўнукам гавару, што трэба берагчы тое, што маем. Бо распачаць вайну лёгка, а вось адбудаваць мір і дабрабыт трэба ой-як яшчэ пастарацца. Многа бяды перажыло наша пакаленне ў вайну, мы ведаем цану міру, таму і просім цяпер маладых зберагчы яго.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара