Жанчына, загартаваная вайной

Лента новостей

Традыцыйна жанчын называюць слабай паловай чалавецтва. Але я лічу, што быць слабай і безабароннай жанчына можа сабе дазволіць толькі тады, калі ў яе спакойнае і камфортнае жыццё, калі побач моцнае мужчынскае плячо. А калі жанчына апынаецца ў сітуацыі цяжкіх жыццёвых выпрабаванняў, то часта застаецца толькі дзівіцца, адкуль у яе бяруцца сілы і цярпенне, каб справіцца з усімі нягодамі? І як можна захаваць душэўны супакой, аптымізм і радавацца жыццю, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія давялося спаткаць на жыццёвым шляху? А калі гэты жыццёвы шлях набліжаецца да 94-х гадоў, як у адзінай з жывых жанчын-удзельніц баявых дзеянняў з Бераставіччыны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Анастасіі Сцепанюк, то можна не сумнявацца, што выпрабаванняў на ім было нямала.
Нарадзілася Анастасія Сця­панаўна 18 сакавіка 1925 года ў вёсцы Бераставічаны. Калі пачалася вайна, дзяўчыне было яшчэ толькі шаснаццаць гадоў, і ўжо ў такім узросце ёй давялося сутыкнуцца са смерцю, перажыць сапраўдны жах ад налёту на вёску нямецкіх карнікаў, якія расстралялі актывістаў падполля, перавярнулі ўсё ў хатах уверх дном, пагражалі спаліць усю вёску…
А ў студзені 1943 года Анастасію, якой яшчэ нават не споўнілася васямнаццаці гадоў, немцы вывезлі на прымусовыя работы ў Германію, а дакладней, ва Усходнюю Прусію. Адарваная ад сям’і і сваіх блізкіх, удалечыні ад роднай зямлі, маладая дзяўчына адчула ў поўнай меры ўсю горыч прыніжэння, цяжкай працы парабка і штодзённага змагання за выжыванне.
Калі пачалося наступленне савецкіх войск, немцы эвакуі­раваліся на захад, забраўшы з сабой і парабкаў. Абозы траплялі пад абстрэлы, і якіх толькі жахаў не давялося перажыць Анастасіі Сцепанюк: на яе вачах гінулі хлопцы і дзяўчаты, з якімі яны разам працавалі ў Нямеччыне, у час аднаго абстрэлу яе саму засыпала зямлёй і кантузіла.
Фронт пайшоў далей, а вызваленых савецкіх дзяўчат сталі набіраць у вайсковы шпіталь санітаркамі. Стала прасіцца туды і Анастасія Сцяпанаўна, хоць яшчэ і не зусім ачуняла, але не хацела адставаць ад сябровак, тым больш, заставацца адна ў незнаёмым горадзе.
Ветэран вайны прызнаецца, што таго жаху, які давялося перажыць у час працы ў санітарным шпіталі, яна не зможа забыць да канца жыцця. Смерць заўсёды была побач, не раз параненыя салдаты паміралі на руках у санітарак, іх часта прывозілі моцна скрываўленых, без рук, без ног, з адкрытымі ранамі…І маладыя дзяўчаты, забыўшыся пра страх і стому, абмывалі іх, пераапраналі, рыхтавалі да аперацый, дзе на іх ужо чакалі дактары.
Пасля Перамогі санітарны шпіталь, пры якім служыла Анастасія Сцепанюк, быў накіраваны на Далёкі Усход, на японскі фронт. Месяц былі ў дарозе, а калі даехалі, даведаліся, што вайна ўжо скончылася…
Анастасія Сцяпанаўна вярнулася на родную Бераставіччыну, і як пайшла працаваць у мясцовы калгас на ферму даяркай, дык і засталася там да пенсіі, мае медаль “Ветэран працы”. Вядома, не былі лёгкімі і пасляваенныя гады, але загартаваная ваеннымі выпрабаваннямі, жанчына справілася з імі усімі. Разам з мужам Сцяпанам выгадавалі дачку і сына, сёння ў ветэрана вайны ўжо двое ўнукаў, трое праўнукаў і нават адзін прапраўнук. Жыве яна з сям’ёй сваёй унучкі Ніны ў Вялікай Бераставіцы, і хоць здароўе ўжо не зусім добрае, ды і слых стаў падводзіць, але душэўны настрой у жанчыны вельмі пазітыўны, яна не засяроджваецца на хваробах і нягодах, а радуецца кожнаму пражытаму мірнаму дню, ведаючы яго сапраўдную цану.
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *