Дружная сям’я з РУСП “Масаляны”

Лента новостей

 

IMG_0027Святло моцнай і дружнай сям’і, якое грэе чалавека ў радасці і ў горы – сапраўдны пуцяводны маяк у акіяне нашых штодзённых турбот. Яго цёплы агеньчык дапамагае людзям у вірлівым і няпростым жыцці. І як прыемна пазнаёміцца з людзьмі, у якіх па — сапраўднаму шчаслівая і моцная сям’я. А калі гэта яшчэ і маладыя людзі, тым больш вяскоўцы, можна ад душы парадавацца іх шчыраму каханню і згодзе.
Наталля Жураўская, эканаміст па працы РУСП “Масаляны”, спадабалася мне з першага погляду. Глянуўшы на яе прыгожы твар і цёплую абаяльную ўсмешку, адразу становіцца зразумелым, што такога адметнага і прывабнага знайшоў у ёй муж. А былі яны тады студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і вучыліся ў адной групе на зааінжынераў.
— Ужо з першага курса Сяргей стаў мне аказваць знакі ўвагі, запрашаў мяне ўсюды, і ў нас узнікла сімпатыя, — расказвае Наталля. – Ён мне таксама спадабаўся, я ўбачыла, які гэта сціплы, добры, надзейны чалавек. А пасля заканчэння ўніверсітэта ў жніўні мы пажаніліся.
Наташа мясцовая, наша зямлячка з аграгарадка Кватары. А Сяргей – гараджанін, жыў з бацькамі ў горадзе Ельску Гомельскай вобласці. Пабывала Наташа на радзіме мужа, але жыць і працаваць вырашылі ў РУСП “Масаляны”. Маладой сям’і адразу далі кватэру, а потым і камфортны дом. Другі сыночак нарадзіўся ўжо тут. Калі жыллёвыя ўмовы выдатныя, сям’я разрастаецца. Маладым людзям утульна ў новым доме, дзе звініць дзіцячы смех.
Сяргей – брыгадзір малочнатаварнага комплексу. Пасада гэтая вельмі адказная, і тое, што даверылі яе маладому чалавеку, сведчыць пра тое, што ён заслужыў давер. За 4 месяцы гэтага года валавы надой на комплексе дасягнуў 2205 тон, што на 72 тоны больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Заданне перавыканана. Увага надаецца і якасці малака. У полі зроку брыгадзіра ўвесь працэс вытворчасці на комплексе, ён стараецца, каб паказчыкі раслі, а значыць — і дабрабыт людзей.
— Сяргей стараецца і на працы, і дома, — расказвае Наталля. – Ён добры сем’янін, клапатлівы муж і бацька. Мы трымаем хатнюю гаспадарку — быка, курэй. Пасадзілі сад. Любім вольны час праводзіць на свежым паветры. Старэйшы сын ва ўсім нам стараецца дапамагчы, даглядае малодшага.
Як прыемна чуць такі цёплы аповед жонкі пра свайго добрага мужа, пра шчаслівую сям’ю! Многія могуць па — добраму пазайздросціць іх зладжанаму сумеснаму жыццю, умацаванаму каханнем, згодай, стараннем. Моцная сям’я – па — ранейшаму “ячэйка грамадства”, а ад таго, наколькі там стараюцца даглядаць і выхоўваць дзяцей, выйграем і ўсе мы. У наш час нямала разводаў, таму добры прыклад маладых людзей, якім, вобразна кажучы, усё ўдаецца, вельмі важны. Турботы і клопаты ёсць ва ўсіх, але старанне і ўзаемападтрымка дапамагае спраўляцца з праблемамі.
Пажадаем Наталлі і Сяргею, каб не хварэлі дзеткі, радавалі бацькоў, каб і далей іх сямейны карабель упэўнена рухаўся ў жыццёвым моры.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *