Добрая адукацыя–гэта платформа для прафесійнай перспектывы

Лента новостей

Істотнае дапаўненне да дыпломаў аб вышэйшай адукацыі — пасведчанні аб заканчэнні школы будучага кіраўніка пры Гродзенскім аблвыканкаме–атрымалі ў 2009 годзе сорак сем студэнтаў-выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, аграрнага і медыцынскага ўніверсітэтаў. Сярод іх быў і наш зямляк Аляксей Міхальскі, які цяпер працуе загадчыкам раслінаводчага ўчастка РУСП “Масаляны”. Аб тым, як складваюцца працоўныя будні ў маладога спецыяліста, мы гутарым з Аляксеем.

— Аляксей, раскажыце падрабязней аб занятках у школе маладога кіраўніка.
— У час вучобы ў аграрным універсітэце, а дакладней, на 4 курсе, я трапіў у лік студэнтаў, якіх адабралі для вучобы ў школе маладога кіраўніка, створанай пры Гродзенскім аблвыканкаме. Крытэрыямі адбору былі не толькі поспехі ў вучобе, але і лідарскія якасці, кіраўніцкія здольнасці. Мы праходзілі спецыяльнае тэсціраванне, гутарку са спецыялістамі аблвыканкама. На заняткі з намі запрашаліся кіраўнікі разнастайных прадпрыемстваў, арганізацый, аддзелаў аблвыканкама. За два гады вучобы мы наведалі шэраг прадпрыемстваў прамысловага і сельскагаспадарчага профілю, прысутнічалі на планёрках, атрымлівалі навыкі кіравання калектывам. Пасля заканчэння школы маладога кіраўніка ўсе яе выпускнікі былі ўключаны ў рэзерв кадраў аблвыканкама, і нашы дадзеныя былі накіраваны ў раёны, куды мы прыехалі на працу. Мяне таксама ўключылі ў перспектыўны рэзерв кадраў райвыканкама.
— Значыць, у студэнцкія гады Вы час дарэмна не гублялі, а выкарысталі яго па максімуму?
— Я лічу, што добрая адукацыя – гэта платформа для прафесійнай перспектывы. У час вучобы я атрымаў паралельна другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “эканаміст — менеджар” у Вышэйшай школе кіравання пры Гродзенскім аграрным універсітэце.
— Як апынуліся ў РУСП “Масаляны?
— У гэтым сельгаспрадпрыемстве я быў 2 месяцы на практыцы пасля 4 курса. Спадабалася, што калектыў згуртаваны, прыязны, і гаспадарка моцная. Ды і мая праца, напэўна, задаволіла кіраўніцтва, бо на мяне была накіравана заяўка на размеркаванне.
— Багаж тэарэтычных ведаў у Вас багаты, а як яны прымяняюцца на практыцы?
— Ведаеце, на практыцы ўзнікае шмат спецыфічных момантаў, якія не вывучаліся тэарэтычна, і тут на дапамогу прыходзяць больш вопытныя спецыялісты, якія заўсёды падтрымліваюць. Я пачынаў брыгадзірам раслінаводчай брыгады, цяпер працую загадчыкам участка. Летам мінулага года быў прызваны ў армію, але ў сувязі з вытворчай неабходнасцю праходжу службу ў рэзерве, таму на некалькі месяцаў у год аказваюся адарваны ад працы. Але спадзяюся, што ў хуткім часе я максімальна займуся прафесійнай дзейнасцю.
— Аляксей, ці лёгка маладому кіраўніку наладжваць кантакты з калектывам?
— Галоўнае ў адносінах з людзьмі – гэта павага і разуменне іншага, тады і кантакт лёгка наладжваецца, а ўзрост тут не зусім важны. Не здарма кажуць, што як ты адносішся да людзей, так і яны да цябе. Я стараюся прытрымлівацца такога прынцыпу.
— Чаму вы вырашылі звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай? Гэта працяг сямейных традыцый?
— Не, мае бацькі працуюць у сферах, не зусім звязаных з сельскай гаспадаркай. Але калі ўжо шукаць традыцыі, то мой прадзед быў аграномам.
А наогул, нельга жыць у вёсцы і не быць звязаным з сельскай гаспадаркай. Работа на зямлі мне заўсёды падабалася, яшчэ ў школьныя гады ў мяне былі сваё ўласныя градкі, на якіх я самастойна нешта вырошчваў. А яшчэ вельмі люблю садаводства, ахвотна займаюся ўласным садам. Таму ў аграрны ўніверсітэт я паступаў свядома і зацікаўлена.
— Аляксей, як праводзіце вольны час?
— Ну ў такую пару, як цяпер, яшчэ можна гаварыць пра вольны час. Але калі трэба сеяць ці ўбіраць ураджай, вольнага часу практычна няма, і працую часта без выхадных. Вядома, гэта вялікі мінус для маладога чалавека, бо хочацца і адпачыць з сябрамі, і куды-небудзь паехаць.
А калі сур’ёзна, то пры жаданні можна схадзіць на дыскатэку, якая штотыднёва праходзіць у мясцовым клубе, езджу да сяброў у Вялікую Бераставіцу, Гродна. Люблю фатаграфаваць, ужо сабраў невялікую калекцыю здымкаў цікавых пейзажаў, архітэктурных помнікаў.
— Ведаю, што Вы з’яўляецеся старшынёй савета “Клуба дзелавых людзей” для маладых спецыялістаў. Як Вы лічыце, гэты клуб запатрабаваны?
— Так, я думаю, што ён вельмі запатрабаваны. Маладыя спецыялісты могуць пазнаёміцца, абмеркаваць праблемы. Ужо прайшло два пасяджэнні ў клубе, маладым людзям падабаецца. Цяпер рыхтуемся да сустрэчы з кіраўніцтвам раёна па пытаннях, якія цікавяць маладых спецыялістаў.
— Што ў далейшых планах, якія мары?
— У планах шмат чаго, але я не хацеў бы заранёў аб іх гаварыць. А наогул, хацелася б упарадкаваць сваё жыццё, стварыць добрую сям’ю, мець магчымасць паглядзець свет, пабываць у розных краінах, каб цікавы вопыт і замежных калег можна было прымяняць у нас на практыцы.

Ірына Міклаш



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *