Дзіцячы сад у Вялікай Бераставіцы расчыніў свае новыя дзверы

Лента новостей

Апошнія пераднавагоднія дні заўсёды насычаны рознымі падзеямі, часцей за ўсё разнастайнымі святочнымі акцыямі, прадстаўленнямі. Аднак тое, што знешне даволі непрыкметна адбылося 29 снежня ў Вялікай Бераставіцы, у разрад звычайных ніяк не залічыш. Пасля капітальнага рамонту зноў расчыніў свае дзверы дзіцячы сад, ці, дакладней, пакуль толькі палова яго.
Адкрываючы невялікі імправізаваны мітынг, старшыня райвыканкама М.М.Сіцько адзначыў, што такі цудоўны падарунак маленькія бераставічане разам са сваімі бацькамі атрымалі дзякуючы той мэтанакіраванай сацыяльнай палітыцы, якую праводзяць кіраўніцтва краіны, мясцовыя органы ўлады. Для органаў улады ўсіх узроўняў прыярытэтнымі былі і надалей застаюцца пытанні далейшага павышэння якасці жыцця насельніцтва.І, што вельмі важна, як падкрэсліў ён далей, у адпаведнасці з вызначаным курсам развіцця краіны на будучую пяцігодку ў цэнтры ўвагі застаюцца сям’я, вялікая і моцная, павелічэнне ўзроўню нараджальнасці дзяцей, забеспячэнне іх усімі неабходнымі ўмовамі для ўсебаковага развіцця. А цудоўна адрамантаваны, хаця пакуль яшчэ і не цалкам, дзіцячы сад – яскравы доказ той сацыяльна арыентаванай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне.
І, вось, сімвалічная чырвоная стужка перарэзана. Перадаць словамі тую прыгажосць, якая з першых крокаў наведвання выдатна падрыхтаваных да прыёму маленькіх выхаванцаў памяшканняў адразу кідаецца ў вочы, не так і проста. Усё тут змянілася карэнным чынам. Гэта ўжо зусім не той дзіцячы сад, што быў раней.
Нагадаю, што работы па рэканструкцыі дзіцячага сада пачаліся ў сярэдзіне кастрычніка. За гэты час асвоена больш за паўтара мільярды рублёў. Рамонтна-будаўнічыя работы на аб’екце выконвае брыгада “Гродна-прамбуда”, якую ўзначальвае майстар А.Г.Гарачаў. Усе будаўнічыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца падчас аднаўлення – беларускай вытворчасці. Прычым, вытворчасць большасці з іх, у прыватнасці, фарбаў, дзвярэй, вокнаў, будаўнікі арганізавалі ў сваіх уласных цэхах сваімі сіламі.
Ва ўсіх 6 групах рамонтныя работы выкананы амаль што з нуля. Толькі сцены тут засталіся ранейшыя. Нарэшце тут пазбавяцца, па словах выхавальнікаў, ад самай балючай праблемы – холаду ў зімовы час. Цяперашнім вялізным шчыльным шклопакетам ніякія скразнякі не страшны. Заменены таксама і ўсе дзверы. А каб дзеці адчувалі сябе камфортна пры любых умовах, у кожнай групе ўстаноўлены рэгулятары цяпла. Дарэчы, і сама сістэма ацяплення заменена поўнасцю.
Вельмі прыгожа, з густам адрамантаваны санітарныя вузлы. У кожнай групе – свой адметны колер керамічнай пліткі і сантэхнікі. Тэмпература падачы гарачай вады рэгулюецца з дапамогай аўтаматыкі. Ракавіны зманціраваны на вышыні з улікам узросту дзяцей. Нарэшце, яшчэ адна адметная дэталь – спецыяльныя дзіцячыя ўнітазы, вытворчасць якіх наладжана апошнім часам у Беларусі.
Паўсюдна заменена электраправодка, на лесвіцах устаноўлены агароджы ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнікі бяспекі.
А завяршылася афіцыйнае мерапрыемства ў актавай зале, якая таксама сустрэла сваіх наведвальнікаў у новым абліччы. Маленькія гаспадары віталі гасцей песнямі і вершамі каля прыгожай навагодняй ёлкі. Завітаў на свята, вядома, традыцыйны Дзед Мароз. А, нарэшце, усе ўдзельнікі свята сталі ў вялікі карагод вакол прыгажуні-ёлкі ў прыгожай зале. Радасна было ўсім: тым, хто атрымаў такі цудоўны падарунак напярэдадні Новага года, а таксама тым, хто прыклаў нямала намаганняў каб ажыццявіць намечанае.
Сяргей ХІЛЮТА,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *