З пачаткам канікул у бібліятэках раёна актывізуецца дзейнасць па арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў, прапагандзе летняга чытання ў рамках рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”. Так, у філіяле “Дзіцячая бібліятэка” ДУК “Бераставіцкая раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага”, стартавала традыцыйная конкурсная праграма “Сонечная палянка летняга чытання”.
Умовы конкурсу засталіся нязменнымі. Неабходна да канца лета наведаць дзіцячую бібліятэку не менш 10 разоў, прачытаць як мінімум 15 кніг, напісаць водгук на твор, які найбольш спадабаўся, адрамантаваць 4-5 бібліятэчных кніжак, зрабіць цікавыя фотаздымкі на тэму “Лета і кніга”, стварыць сваімі рукамі выраб з дэкаратыўна-прыкладных матэрыялаў, адказаць на пытанні віктарыны. Пераможцаў чакаюць прызы.
– Дзеці ўжо актыўна ўключыліся ў конкурсную праграму, – разказвае загадчык філіяла Аксана Кумпель. – Чытаюць праграмныя творы, творы беларускіх аўтараў, прыгодніцкія і пазнавальныя кніжкі. А ўвогуле летам у дзіцячай бібліятэцы юныя чытачы могуць не толькі пачытаць кнігі і часопісы, але і паглядзець любімы мультфільм, пагуляць з сябрамі ў настольныя гульні. Традыцыйна ў летні час нашымі бібліятэкарамі будуць праводзіцца цікавыя мерапрыемствы, накіраваныя на прыцягненне ўвагі юных чытачоў да творчасці айчынных і замежных пісьменнікаў і паэтаў, кніг-юбіляраў, найбольш значных грамадскіх дат і падзей. Запланаваны конкурсы, віктарыны, гульнявыя праграмы.
Фота Святланы Ганчаровай