Стварыць умовы для маладых спецыялістаў, зацікавіць і падтрымаць іх на пачатку працоўнага шляху, каб потым яны ўнеслі новы імпульс у развіццё гаспадаркі, — узаемасувязь гэтых фактараў добра разумеюць у СВК імя Варанецкага і клапоцяцца аб тым, каб кожны малады спецыяліст не застаўся тут без увагі. Гаспадарка адразу прадстаўляе ўсім жыллё (на пачатку інтэрнат ці за кошт гаспадаркі здымаецца кватэра), дапамагае наладзіць быт і падтрымлівае матэрыяльна.
А яшчэ кіраўніцтва сельгаскааператыва не баіцца рабіць стаўку на моладзь і даручаць адказныя пасады нават галоўных спецыялістаў.
Згадзіцеся, стаць галоўным аграномам адной з буйнейшых гаспадарак раёна праз год пасля заканчэння ўніверсітэта – не проста імклівы старт, але і высокі давер і вялікая адказнасць. Гэта выдатна разумее і стараецца апраўдаць ускладзеныя на яго надзеі і Павел Станеўскі. У свае 25 ён ужо амаль два гады працуе на пасадзе галоўнага агранома СВК імя Варанецкага. І ўжо першыя вынікі яго працы бачны: ураджайнасць збожжавых у гэтым годзе вырасла ў параўнанні з мінулагодняй, добры плюс даў і валавы збор.
Вядома, не ўсё даецца лёгка і проста. У размове Павел прызнаецца, што спачатку было і вельмі складана, але дапамагла падтрымка калег, кіраўніцтва гаспадаркі. Асабліва хваляваўся ў час першай сваёй уборачнай кампаніі, каб правільна распланаваць, як і якую культуру ўбіраць, як зберагчы вырашчаны ўраджай. У гэтым годзе ўжо адчуваў сябе больш упэўнена: адкладваюцца свае навыкі, дапамагаюць сустрэчы з калегамі, семінары па абмену вопытам.
У сваёй прафесіі Павел Станеўскі не расчараваны, ён мэтанакіравана ішоў да яе са школьных гадоў. Сам нарадзіўся і вырас у Вялікіх Эйсмантах, у СВК імя Варанецкага працуюць і яго бацькі. Стараннага і сумленнага хлопца, які вырас у іх на вачах, у гаспадарцы ўжо чакалі пасля заканчэння вучобы. А Паша прыехаў на працу не адзін, а прывёз з сабой яшчэ аднаго агранома – жонку Алу. Іх знаёмства завязалася ў час вучобы, а дакладней, адразу, як толькі Ала паступіла ў аграрны ўніверсітэт. На год старэйшыя хлопцы пайшлі знаёміцца з першакурсніцамі, там і запала яму ў вочы вясёлая, баявая дзяўчына, якая выдзялялася сярод іншых. І Ала прызнаецца, што ёй адразу спадабаўся высокі сімпатычны юнак, з якім заўсёды было цікава. Сустракаліся маладыя людзі тры гады, а перад размеркаваннем пажаніліся. Цяпер іх ужо трое – на радасць бацькам расце маленькая пацеха, двухгадовая дачушка Насця.
У гаспадарцы маладой сям’і адразу прапанавалі кватэру, але Павел і Ала вырашылі спачатку пажыць у бацькоў. А вось нядаўна, у кастрычніку, сельгаскааператыў выдзеліў Станеўскім новы добраўпарадкаваны дом. І цяпер яны якраз даводзяць яго да ладу, хочуць зрабіць як мага больш прыгожым і ўтульным. Ужо распланавалі, як і дзе пасадзяць сад, агарод, абавязкова зробяць дзіцячую пляцоўку, альтанку.
І муж, і жонка ў якасці свайго галоўнага прыярытэту называюць сям’ю. Яны ўпэўнены, што цяпер, калі нас паўсюдна чакаюць і суправаджаюць стрэсы, сям’я павінна з’яўляцца бадай што самым надзейным і бяспечным месцам, дзе цябе падтрымаюць і зразумеюць. І вельмі важна, каб ад дня стварэння захоўваць у ёй цёплыя і прыязныя адносіны.
Ала ўпэўнена, што ад жонкі ў большай ступені залежыць, наколькі моцнай будзе сям’я, ёй трэба ўмець прамаўчаць, дзе трэба ўзяць пяшчотай і ласкай.
Вядома, як і ў кожнай сям’і, у Станеўскіх таксама здараюцца непаразуменні, але маладыя людзі імкнуцца вырашаць іх разам, не даводзячы да канфлікту.
Самае цяжкае, прызнаецца Ала, у тым, што мужа вельмі часта цэлымі днямі не бывае дома, у самую гарачую пару ён у полі з самай раніцы да позняга вечара. Але яна сама аграном і выдатна разумее спецыфіку прафесіі. Таму з жартам гаворыць, што калі яна выйдзе з дэкрэтнага адпачынку, то і мужа будзе часцей бачыць, няхай сабе і на працы.
На развітанне я спытала ў маладых людзей, ці не вабяць іх агні вялікага горада, ці не шкадуюць аб тым, што звязалі сваё жыццё з вёскай. І Ала, і Павел без роздуму сказалі, што свядома выбіралі сельскае жыццё, выбіраючы сваю прафесію.
— А горад і так за пяць гадоў надакучыў, вельмі стамляе яго хуткі рытм, — гаворыць Павел. – Гэта адразу было ўсё цікавым, столькі новых магчымасцей адкрывалася для правядзення вольнага часу, але з кожным годам усё больш хацелася спакою і цішыні, і ўжо з нецярпеннем чакаў выхадных, каб паехаць дамоў. А цяпер, калі ёсць свая сям’я, дзіця, увесь вольны час прысвячаю блізкім людзям. На сваёй зямлі, у сваім доме найлепш. Тым больш, што і перспектывы для нас тут ёсць рэальныя.
Кожны чалавек сам выбірае сваю жыццёвую дарогу, і вельмі важна ісці па ёй з радасцю, адчуваючы задавальненне ад таго, што робіш, побач з людзьмі, якія разумеюць і падтрымліваюць. Сям’я маладых аграномаў Станеўскіх ідзе па сваёй дарозе ўпэўнена, зараджаючы ўсіх акружаючых пазітыўнымі адносінамі да жыцця, сумленнасцю ў працы і цеплынёй у адносінах адзін да аднаго.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара