Галоўны эканаміст СВК “Цецяроўка” Генадзій Вайцешчык: «Радуе, калі намечанае выконваецца»

Лента новостей Человек и его дело

30 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначылі людзі, занятыя ў сферы эканомікі.
Раней пад эканомікай разумелі пераважна рацыянальнае кіраванне домам, хатняй гаспадаркай, даходамі і расходамі сям’і. Галоўным лічылася ўменне так спланаваць свой бюджэт, каб не траціць больш, чым зарабляеш.
Цяпер эканоміка з умення зніжэння затрат пераўтварылася ў навуку павышэння дабрабыту. У гэтай сферы працуюць людзі, якія займаюцца распрацоўкай і прымяненнем разнастайных метадаў, накіраваных на тое, каб зрабіць максімальна эфектыўнай гаспадарчую дзейнасць.
Прафесія эканамістаў карыстаецца нязменным прэстыжам і з году ў год застаецца адной з найбольш папулярных сярод абітурыентаў.
Задачы эканамістаў — шляхам разліку і планавання фінансавых сродкаў, кантролю за іх расходаваннем, аналізу дзейнасці прадпрыемства зрабіць яго прыбытковым, павысіць і ўмацаваць фінансавае становішча, а адпаведна і дабрабыт работнікаў.

Менавіта гэтую мэту ставіць перад сабой і галоўны эканаміст СВК “Цецяроўка” Генадзій Вайцешчык. 34 гады ён ужо працуе ў сельгаскааператыве і больш за 20 – на пасадзе галоўнага эканаміста. З гэтай пасады пачынаў, калі ў 1978 годзе прыехаў на працу ў мясцовую гаспадарку, галоўным эканамістам і пайшоў на пенсію.
Лічбы, планы, аналіз, статыстыка на працягу амаль што ўсёй прафесійнай кар’еры акружалі Гена-дзія Міхайлавіча.
Праўда, быў перыяд, калі ён паспрабаваў сябе трохі ў іншай сферы: у 1980 годзе кіраўніцтва гаспадаркі папрасіла яго на два тыдні падмяніць загадчыка вытворчага ўчастка, які звольніўся. Гэтыя два тыдні зацягнуліся амаль што на пяць гадоў. Пасля гэтага была прапанова стаць сакратаром парткома ў калгасе імя Горкага, але Вайцешчык вырашыў вярнуцца ў сваю “матэматычную стыхію”. У СВК “Цецяроўка” быў эканамістам па працы, старшым бухгалтарам, а з 1996 года – галоўным эканамістам. 6 чэрвеня Генадзій Міхайлавіч адзначыў 60-гадовы юбілей, але з работай пакуль што развітвацца не збіраецца. Ды і ў сельгаскааператыве яго цэняць як вопытнага спецыяліста, які вядзе кантроль і аналіз вытворчай і фінансавай дзейнасці гаспадаркі, распрацоўвае планавыя мерапрыемствы, прагнозныя паказчыкі як у цэлым па СВК, так і па асобных яго падраздзяленнях. У яго кампетэнцыі таксама і цэнавая палітыка ўнутры гаспадаркі, і прагноз росту заработнай платы, і шматлікая аператыўная справаздачнасць. Права на памылку сабе галоўны эканаміст не дае, бо ведае, што за лічбамі стаіць велізарная праца, якая ўкладзена ў вытворчасць.
Галоўнае патрабаванне да сябе і акружаючых людзей у Вайцешчыка – прыстойнасць і канкрэтнасць. Бо ад прыстойнасці, лічыць Генадзій Міхайлавіч, залежыць і канкрэтнае выкананне работы. Гэтаму ён вучыць і маладых спецыялістаў, якія прыходзяць на працу ў гаспадарку.
Асабліва радуе галоўнага эканаміста, калі намечаныя вытворчыя паказчыкі выконваюцца або нават перавыконваюцца, гэта сведчыць аб тым, што паляпшаецца якасць прадукцыі, умацоўваецца гаспадарка, а значыць, будзе расці і заработная плата працаўнікам.
І хоць нагрузка ў галоўнага эканаміста досыць вялікая, часта прыходзіцца працаваць і выхаднымі, і затрымлівацца на рабоце, Генадзій Міхайлавіч любіць сваю прафесію, не лічыць яе цяжкай ці нуднай.
Па шляху бацькі пайшла і дачка: яна працуе намеснікам галоўнага бухгалтара. А вось сын атрымаў юрыдычную адукацыю.
У вольны час Генадзій Міхайлавіч любіць парыбачыць, абавязкова бавіць час з унукамі, а іх у яго пяцёра. Ён прызнаецца, што з-за пастаяннай занятасці на працы ў маладыя гады не дадаў увагі дзецям, а цяпер стараецца кампенсаваць усё гэта ўнукам.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *