Урачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года, прайшлі ў школах Бераставіцкага раёна першага верасня.
За школьныя парты ў раёне сёлета сядуць больш за 1700 хлопчыкаў і дзяўчынак. З асаблівым хваляваннем упершыню перастулілі школьны парог 174 першакласнікі. Найбольшую колькасць першакласнікаў прыняла Вялікабераставіцкая сярэдняя школа, а вось Старадварэцкі яслі-сад-базавая школа ў гэтым навучальным годзе застаўся без першакласнікаў.
Самыя маленькія школьнікі атрымалі 1 верасня падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – кнігу “Беларусь – наша Радзіма”.
На ўрачыстых лінейках ва ўсіх установах адукацыі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці і шэфы, якія выказалі шчырыя пажаданні вучням і педагогам з нагоды Дня ведаў і пачатку навучальнага года.
Першы ўрок ва ўсіх установах адукацыі прайшоў на тэму “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” і даў старт цыклу мерапрыемстваў грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
На здымках: урачыстая лінейка ў Вялікабераставіцкай СШ