Хлопцы і дзяўчаты, якім споўнілася 14 гадоў, атрымліваюць свой галоўны жыццёвы дакумент – пашпарт. Яшчэ адной важнай падзеяй для 14-гадовых падлеткаў становіцца і ўручэнне кнігі «Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
Гэта падарункавае выданне выпускаецца ў рамках рэалізацыі Прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі». Кніга «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» — своеасаблівая прэзентацыя нашай Радзімы. У кнізе размешчана інфармацыя пра гісторыю краіны, геральдыку, жывёльны і раслінны свет, нацыянальныя традыцыі. Акрамя таго, у кнізе ёсць мультымедыйныя дадаткі: дыскі з прававой інфармацыяй, музычныя, архітэктурныя і мастацкія шэдэўры Беларусі.
Юныя грамадзяне, якія атрымалі падарунак, прызналі, што кніга «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь» — універсальны падручнік у дапамогу школьнай праграме.
22 ліпеня вучаніцы 9 класа Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы Дар’і Сакалоўскай споўнілася 14 гадоў. У гэты дзень ва ўрачыстай абстаноўцы ёй была ўручана кніга «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Класны кіраўнік павіншавала Дар’ю з такой значнай падзеяй у жыцці і пажадала быць годнай грамадзянкай сваёй краіны.
Упэўнена, што наша пакаленне з годнасцю пранясе праз усё жыццё ганаровае званне — грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
Святлана ВОЙШЭЛЬ, класны кіраўнік 9 класа Пархімаўскага ясляў-сада – базавай школы