Валанцёрскі праект “Крок насустрач” пачалі рэалізоўваць у верасні 2010 года Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт і абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Да яго далучыліся 52 валанцёрскія атрады з 18 раёнаў вобласці, у тым ліку і 4 з Бераставіччыны.
1 лістапада ў чытальнай зале Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя сабраліся прадстаўнікі валанцёрскіх атрадаў раёна, якія працуюць па праграме “Крок насустрач”, каб за круглым сталом абмеркаваць тое, што зроблена за год, падзяліцца вопытам і выпрацаваць арыенціры на будучыню.
На пачатку сустрэчы валанцёры разважалі аб тым, чаму і калі трэба праяўляць міласэрнасць, што робіць чалавека чалавекам і нават на “шалях жыцця” вызначалі, што важнейшае: жыць для сябе ці для другіх. Усе прысутныя прыйшлі да высновы, што валанцёры робяць вельмі карысную справу, што свет трымаецца на людзях з добрым сэрцам, якія імкнуцца зрабіць яго лепшым.
Першым прадставіў сваю дзейнасць валанцёрскі атрад “Данка” Макараўскага яслі-сада – СШ. Ён узяў пад сваю апеку ветэранаў педагагічнай працы, адзінокіх састарэлых, якія пражываюць у мікрараёне школы, і інвалідаў і састарэлых з Макаравецкага дому — інтэрната. Дапамога па дому і на прысядзібным участку, арганізацыя святочных мерапрыемстваў для сваіх падшэфных і шмат іншага зроблена макараўскімі валанцёрамі.
З домам – інтэрнатам для інвалідаў і састарэлых працуе таксама і атрад “Надзея” Бераставіцкага ліцэя. У ліку сваіх добрых спраў валанцёры – ліцэісты назвалі нарыхтоўку бульбы і набыццё бытавой хіміі для дома –інтэрната, абнаўленне яго бібліятэчнага фонду, шматлікія акцыі і канцэртныя праграмы для састарэлых людзей.
Валанцёрскі атрад “Падары радасць” Алекшыцкай СШ выбраў аб’ектам свайго клопату ўчастковую бальніцу аграгарадка Алекшыцы, а дакладней, адзінокіх і састарэлых яе пацыентаў. Школьнікі прыбіраюць тэрыторыю бальніцы, ахвотна ходзяць у магазін ці аптэку па просьбе хворых, арганізуюць для іх святочныя канцэрты, а часам проста разам з імі прагуляюцца па свежым паветры і паразмаўляюць, бо ўвага – гэта галоўнае, што патрэбна хворым людзям.
Так лічаць і валанцёры з атрада “Прамень дабрыні” Малабераставіцкага ліцэя, якія працуюць з пацыентамі Вялікаэйсмантаўскай бальніцы сястрынскага догляду. Яны таксама не пакідаюць сваіх падшэфных адзін на адзін з хваробай і самотнасцю, а яшчэ будучыя кандытары і повары не забываюць парадаваць іх салодкімі пачастункамі ўласнага вырабу.
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Г.У.Рыгосік падзякавала валанцёрам за іх працу і ўручыла кожнаму атраду Падзячныя пісьмы і памятныя падарункі (метадычныя матэрыялы па арганізацыі валанцёрскага руху і майкі з эмблемай Чырвонага Крыжа).
Прынялі ўдзел у размове і выказалі свае пажаданні валанцёрам начальнік аддзела адукацыі Т.М.Аксаміт, начальнік аддзела па справах моладзі А.У.Ігнатовіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.А.Арцюхевіч.
Ірына МІКЛАШ