Пасля спякотнага лета неяк зусім нечакана да нас завітала восень і з першых дзён праявіла свой характэрны нораў. Аднак працаўнікам палёў даводзіцца мірыцца з усімі капрызамі надвор’я і выкарыстоўваць літаральна кожны пагодны час.
З першых восеньскіх дзён пачалася ўборка цукровых буракоў. З 3-га па 5-га верасня на буракапрыёмны пункт у Пагранічным з гаспадарак раёна паступіла больш за 2 тысячы 200 тон салодкіх каранёў у чыстай вазе. Амаль трэцяя з паловай частка з іх прыходзіцца на СВК “Макараўцы”. Больш чым па 300 тон здалі за гэтыя дні буракаводы з аграфірмы “Стары Дворац” і СВК “Малабераставіцкі элітгас”.
Цукрыстасць буракоў па раёне ніжэйшая за базісную, яна складае 14,06%. Самая высокая яна ў СВК “Алекшыцы” (14,76%), 14,64% складае гэты паказчык у СВК “Малабераставіцкі элітгас”.
На Бераставіцкім прыёмным пункце ААТ “Скідальскі цукровы камбінат” нядрэнна падрыхтаваліся да прыёму новай прадукцыі. У гэтым годзе тут дэманціравалі механічныя вагі. Замест іх устанавілі тры новыя, электронныя, якія дазваляюць узважваць да 60 тон. Уся неабходная інфармацыя з кожнай вагі паступае па камп’ютарнай сетцы аператарам, яны знаходзяцца побач у будынку КПП.
Поўным ходам ідуць зараз фінішныя работы па бетанаванню пляцовак. Усе яны будуць сёлета мець цвёрдае пакрыццё, што значна аблегчыць працэс разгрузкі і пагрузкі ў вагоны дастаўленых буракоў. Карацей кажучы, прыёмны пункт крочыць у нагу з часам, мадэрнізуецца, а калектыў яго ўпэўнены, што зможа без праблем прыняць і адгрузіць за сезон больш за 100 тысяч тон салодкіх каранёў.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара
На здымках: ідзе прыём салодкіх каранёў.