Бераставіцкія выратавальнікі дэманстравалі тэхніку і сваё майстэрства

Лента новостей

З нагоды 160-годдзя пажарнай службы супрацоўнікі Бераставіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях зладзілі сапраўднае свята для дзяцей і дарослых гарадскога пасёлка.
У суботу, 27 ліпеня, на гарадскім стадыёне ў Вялікай Бераставіцы адбыўся паказ пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі і абсталявання, з дапамогай якога вядзецца змаганне з агнём і іншымі надзычайнымі сітуацыямі.
Несумненна, найбольш радасці гэта мерапрыемства падарыла дзецям, якія змаглі паспрабаваць сябе ў ролі сапраўдных пажарнікаў. Яны з вялікім задавальненнем прымяралі баявыя касцюмы выратавальнікаў, надзявалі дыхальны апарат на сціснутым паветры, сядзелі за рулём і ўзбіраліся на верх пажарнай аўтацыстэрны, найбольш адважныя нават падымаліся ў суправаджэнні выратавальнікаў па пажарнай лесвіцы. Шмат эмоцый выклікала ў дарослых і дзяцей таксама магчымасць збіць мяч вадой з пажарнага шланга і паспрабаваць у дзеянні прыбор імпульснага пажаратушэння.
А яшчэ вельмі спадабалася ўсім прысутным і тое, як байцы раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства, у прыватнасці, паказваючы элементы самавыратавання на пажарнай лесвіцы.
Святочнае мерапрыемства паказала, што змаганне з агнём знаходзіцца ў руках сапраўдных мужчын, якія не баяцца ніякіх выклікаў і гатовы ў любы момант прыйсці на дапамогу. А сучасная тэхніка і абсталяванне даюць намнога больш магчымасцей зрабіць гэта хутка і бяспечна.
Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *