Бераставіцкія аграрыі гатовы да выхаду ў поле

Лента новостей

І жывая прырода, і людзі стаміліся ад доўгай зімы. Яна захапіла амаль палову вясны. Такога не было дзясяткі гадоў. Не разлічылі тэрмін свайго прылёту і буслы, якія вымушаны шукаць сабе ежу ў сапраўды экстрэмальных умовах. Спачуваюць землякі і нашым аграрыям, у якіх ужо на паўмесяца зацягнуліся вясеннія палявыя работы. Я чула ад людзей такія выказванні: “Трывожна!” А таксама: “Як яны пасеюць? Які будзе ўраджай?”

Не хаваў сваіх эмоцый і галоўны інжынер СВК “Алекшыцы” Мікалай Фядотаў, калі я прыехала ў гэтую гаспадарку. “Так надакучыла гэтая зіма!” – гаварыў ён. Аднак з задавальненнем і добрым настроем згадзіўся паказаць свае “ўладанні” – майстэрню і тэхніку, якая тут так і “просіцца” выйсці ў поле. Справа толькі за доўгачаканай вясной і цёплым сонейкам.
У гэтай гаспадарцы зроблена вельмі шмат. Пра людзей паклапаціліся. Майстэрня ацяпляецца катлом на дровах, ёсць ацяпленне і ў пункце тэхнічнага абслугоўвання аўтатранспарту.
Прыемна зайсці ў пакой адпачынку. Тут прыгожая, зробленая сваімі рукамі, мэбля. Ёсць і шафы для зменнай вопраткі, душ.
Часу было дастаткова – уся глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка якасна адрамантавана. Зроблены таксама складаны рамонт зернеўборачных камбайнаў. Запчастак хапала, і сродкаў на іх пакупку ў моцнай гаспадарцы таксама дастаткова.
Пахваліць за добрую работу можна механізатараў Леаніда Пацэнку, Уладзіміра Сазона, Аляксандра Лашэвіча, Сяргея Сіцька, Станіслава Эйсманта, майстра- наладчыка Міхаіла Ляшкевіча і іншых. Разам яны складаюць надзейнае “моцнае звяно”.
І вядома, вялікі ўклад у такую важную справу галоўнага інжынера. Цікавы лёс гэтага чалавека. Мікалай Антонавіч родам са Смаленскай вобласці, у 1977 годзе закончыў сельгасакадэмію ў Горках, пасля чаго некаторы час жыў у Расіі, але потым пераехаў у Беларусь. Працаваў у СВК імя Варанецкага, а зараз ужо тры гады займае пасаду галоўнага інжынера ў СВК “Алекшыцы”. Чалавек да­сведчаны, вопытны, адказны.
– Тэхніка ў нас “супер”, – з гонарам паказвае мне Мікалай Антонавіч новы культыватар, імпартныя плуг і сеялкі. – Застаецца толькі чакаць добрага надвор’я!
Пажадаем нашым аграрыям яго і мы.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *