Жывое слова аб паэце. Успаміны школьнай сяброўкі Івана Леткі

Год исторической памяти Из истории земли Берестовицкой Лента новостей Образование

Адыходзяць у мінулае падзеі, усё менш тых, хто з’яўляецца сведкам і ўдзельнікам таго, што застаецца ў памяці людзей.

Багата зямля беларуская знакамітымі людзьмі. Іван Летка – вядомы паэт Бераставіччыны. Яго вершы пранікнуты павагай да людзей і захапленнем роднымі мясцінамі.

Валанцёры са Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы  Бераставіцкага раёна наладзілі сувязь з аднакласніцай І.Леткі – Соф’яй Андрэеўнай Затоўкінай (Сакалоўскай), жыхаркай аграгарадка Вярэйкі Ваўкавыскага раёна.

Успаміны школьнай сяброўкі паэта  былі вельмі цікавымі і змястоўнымі. Соф’я Андрэеўна расказала шмат цікавага аб жыцці знакамітага земляка, яго дзяцінстве і школьных гадах.

 І.Летка выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і. Яго браты Філіп, Антолік, Санька і сёстры Зоя, Гэля і Гандзя былі  дружнымі і працавітымі. Паслеваеннае дзяцінства было цяжкім і суровым. Дзеці рана засталіся без бацькоў.

Быў у  жыццёвым лёсе паэта і дзіцячы дом ў вёсцы  Стары Дворац.  Аднойчы ён праваліўся на сажалцы пад лёд. У выніку пераахалоджвання цэлы год хлопчык праляжаў, яму вельмі балюча было прыступаць на ногі.

Іван  Летка прыйшоў у 7 клас Масалянскай школы Бераставіцкага раёна. Дзеці ў класе былі рознага ўзросту, але хлопчыка  ўсе прынялі вельмі добра. Яська – так ласкава называлі Івана Летку ў класе. Ён  любіў творы У.Маякоўскага, якія чытаў на перапынках. Таксама Ясь добра маляваў.

Класны кіраўнік Ніна Міхайлаўна Данілава заўсёды  клапацілася аб кожным вучні. Яна выкладала рускую мову і літаратуру. Цёплымі словамі ўдзячнасці ўсе  вучні адгукаліся пра выкладчыцу нямецкай мовы Любоў Іванаўну Стока. Кожнае ласкавае слова было вельмі важным для кожнага дзіцяці.

Ясь Летка добра іграў на гітары і баяне. На перапынках вучні класа амаль не выходзілі ў калідор. У класе заўсёды чуліся жарты і смех. Гэта Ясь весяліў дзяцей на перапынку. Цікавыя гісторыі так і “сыпаліся з яго вуснаў”. Асабліва ён любіў расказваць пра “жаранага гэнся”.

Па характару быў вельмі добры, да кожнага мог падыйсці, знайсці ласкавае слова. Са старэйшымі мог “пазадзірацца”, таму што яны называлі яго Ясюк.

Асаблівыя цёплыя словы ўдзячнасці Іван Летка прысвяціў сваёй суседцы, бабулі Гузючысе, якой ён дапамагаў пасвіць кароў. Самае першае парное малачко было заўсёды для Ясечкі. З жалем ён пісаў: “Не налье мне больш старая Гузючыха кубачак парнога малака”.

Калі ў Масалянскую школу на вечары сустрэчы прыязджаў І. Летка – гэта было вялікае свята. Усе імкнуліся папасці на гэту сустрэчу. Асабліва значнай была сустрэча, прысвечаная 50-годдзю школы. Свае вершаваныя радкі І.Летка прысвяціў сваім аднакласнікам. Некаторыя з іх Соф’я Андрэеўна  помніць на памяць. Ёй  таксама  разам з сяброўкай Любай Левянчук,  былі прысвечаны паэтычныя словы:

Левянчук  і Сакалоўска

Медыцыну квецяць.

Спадзяюся, што й мяне

Яны калісць палечаць.

Івану Галабурда, які звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркаў, ён прысвяціў наступныя словы:

Галабурда, Галабурда –

Аграномава душа.

На пачатках кукурузы

Усіх дагоніш “ня спяша”.

А вось прысвячэнне Уладзіміру Васільевічу Хомчыку, дырэктару школы, якога дзеці называлі “татка”:

Вось дык  гэта татка!

Ён выпусціў у свет больш сотні дзіцяткаў.

Часта Іван Летка часта прыязджаў у родныя мясціны. Але асаблівай значнымі былі сустрэчы ў роднай школе. Мечыславу Сідзінеўскаму, які закончыў сельскагаспадарчую  акадымію ў Горках, і аднакласніку Кавалеўскаму прысвечаны такія радкі:

Акадэмік Сідзінеўскі

Гаспадаркай круціць.

Дзе падзеўся Кавалеўскі

Нічога не чуці.

Валянціна Семянчэня, якая выйшла замуж за аднакласніка Гену Груздзева і жыла ў Свярдлоўску, прысвячаліся такія радкі:

Наша Валя Семянчэня

Думала – гадала.

Паступіла ў інстытут,

Вучыцелькай стала.

Далейшы лёс Івана Леткі быў звязаны з Масквой. Старэйшы брат Філіп пасля службы ў арміі застаўся ў сталіцы. Да яго і падаўся Іван. Там ён працаваў мастаком-дэкаратарам у Цэнтральным тэатры Савецкай Арміі.

…Успаміны, успаміны! Як мала іх застаецца з кожным годам ад жывых сведкаў гісторыі і як важна для моладзі пачуць жывое слова, каб адчуць сапраўдны подых мінулага.

Зоя Уцепяргенава , класны кіраўнік 9 класа, ДУА “Старадварэцкі навучальна-педагагічны комплекс яслі-сад -базавая школа”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *